Серада, 01 Ліпень 2020

Суды за салідарнасьць: Саламаненку – 50 базавых, Паўлаву – 40, Севярынец – 35

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Аляксей Саламаненка на судзе Аляксей Саламаненка на судзе

У сераду 1 ліпеня ў Віцебску прайшлі чарговыя суды над актывістамі за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці». У судзе Першамайскага раёну за нібыта парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.3 арт. 23.34) судзілі валянтэра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Аляксея Саламаненку, актывістку БХД Тацяну Севярынец і віцябляніна Алега Паўлава. Усіх аштрафавалі на буйныя сумы.

Адміністрацыйную справу Аляксея Саламаненкі разглядала судзьдзя Вераніка Барысава. Паводле міліцэйскага пратаколу, 19 чэрвеня актывіст «узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні, стоячы ў ланцугу грамадзян і выказваючы свае грамадзкія інтарэсы».

На судзе Аляксей спрабаваў давесьці, што інтарэсаў не выказваў і ніякіх «ланцугоў» ня бачыў – проста дапамог усталяваць палатку ініцыятыўнай групе Ціханоўскай ды паставіў подпіс за Бабарыку. Хадайнічаў таксама, каб у суд у якасьці сьведкаў выклікалі міліцыянтаў Склімянка і Дарагенскага, але ягоную просьбу судзьдзя адхіліла.

Вераніка Барысава прызнала Аляксея Саламаненку вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні і аштрафавала яго на 50 базавых велічынь (1350 рублёў). Гэта ўжо чацьвёрты штраф, якім пакараны Аляксей Саламаненка цягам двух апошніх месяцаў паводле арт. 23.34 КаАП. Агулам віцебскія суды аштрафавалі яго на 125 базавых велічынь (3375 рублёў).

Па вельмі падобных сцэнарах праходзілі суды над Тацянай Севярынец і Алегам Паўлавым. Справу Тацяны Севярынец разьбіраў судзьдзя Міхаіл Юрчанка. Актывістка таксама хадайнічала, каб на суд выклікалі сьведак-міліцыянтаў, але судзьдзя хадайніцтва не задаволіў. У выніку прызнаў Тацяну Севярынец вінаватай ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве 19 чэрвеня (ч.3 арт. 23.34 КаАП) і аштрафаваў актывістку на 35 базавых велічынь (945 рублёў).

Алег Паўлаў за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» таксама быў пакараны штрафам – у памеры 40 базавых велічынь (1080 рублёў). Такое пакараньне паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП прызначыла яму судзьдзя Натальля Карабліна.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.