У сваіх скаргах актывісты спасылаліся на нормы Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Адзначалі, што знаходзіліся на легальных пікетах для збору подпісаў і ажыцьцяўлялі свае палітычныя правы.
Першай была разгледжаная скарга Людмілы Валадкевіч. Яна была аштрафаваная 18 чэрвеня судом Кастрычніцкага раёну Віцебску на 20 базавых велічынь за пікет 31 траўня (судзьдзя Уладзімер Царыкаў). Як патлумачыла на судзе сама актывістка, яна «знаходзілася на санкцыянаваным пікеце па зборы подпісаў, прыйшла паглядзець, за каго галасаваць, паглядзець, што адбываецца». «Чаму мне за гэта далі 20 базавых? Як гэта зразумець?» – безвынікова пыталася ў судзьдзі Людміла Валадкевіч.
Аляксандр Мацяюк быў аштрафаваны 22 чэрвеня судом Чыгуначнага раёну на 35 базавых велічынь (судзьдзя Ала Бардзюкова) за ўдзел у пікеце, які прайшоў 19 чэрвеня. Да суду двое сутак ён правёў у ІЧУ. У аблсудзе Аляксандар завіў, што ня меў магчымасьці паўнавартасна абараняць свае правы, бо знаходзіўся ў ізалятары і ўдзельнічаў у працэсе праз скайп. Хадайніцтва адвезьці яго ў суд было адхіленае. Таксама актывіст заявіў, што пратакол па яго адміністрацыйнай справе быў складзены на падставе ілжывых сьведчаньняў супрацоўнікаў міліцыі.
Павел Пруднікаў, які быў аштрафаваны судом Чыгуначнага раёну 22 чэрвеня на 20 базавых велічынь (судзьдзя Алена Цыганкова) за ўдзел у пікеце 7 чэрвеня, быў выдалены Ірынай Смаляковай падчас выступу. Судзьдзі не спадабалася, як ён адказваў на пытаньні і даваў тлумачэньні. Такім чынам, актывіст быў пазбаўлены права ўдзельнічаць у працэсе і бараніць свае правы. Выдаліўшы яго з залі, судзьдзя вынесла вэрдыкт: скаргу пакінуць без задавальненьня.
Блогерка Алена Янушкоўская была аштрафаваная на 40 базавых велічынь 8 чэрвеня судом Віцебскага раёну (судзьдзя Міхаіл Зубеня). Да суду яе трымалі ў ІЧУ двое сутак. Алену абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу, які нібыта адбыўся 31 траўня каля ГЦ «Марка-Сіці». На самым пачатку разгляду скаргі актывістка таксама была выдаленая з залі судзьдзёй Смаляковай, бо ёй не спадабалася, што блогерка вяла відэатрансьляцыю з паседжаньня.
Пасьля перапынку судзьдзя Смалякова забараніла прысутнічаць выдаленым з залі суду слухачам (усяго выдаліла 5 чалавек). Але людзі ў знак пратэсту адмовіліся пакідаць залю. Быў выкліканы нарад АМАПу. Людзі выйшлі толькі пад пагрозай прымяненьня гвалту. Нікога не затрымалі.
Апошнім разглядалася скарга Аляксей Прохарава. Суд Віцебскага раёну аштрафаваў 23 чэрвеня актывіста на 40 базавых за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў19 чэрвеня, побач зь якім утварыўся «ланцуг салідарнасьці». Да суду актывіст суткі правёў у ізалятары.
Разгледзеўшы ўсе скаргі, судзьдзя Ірына Смалякова прыняла рашэньне пакінуць пастановы судоў бязь зьменаў, а ўсе скаргі – без задавальненьня.
Уладзімер Бяляўскі
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!