Чацвер, 16 Ліпень 2020

Уладзімер Кійко не дамогся адмены 10 сутак арышту за «ланцуг салідарнасьці»

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Уладзімер Кійо ў абласным судзе Уладзімер Кійо ў абласным судзе

Каардынатар ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Віцебску Уладзімер Кійко паспрабаваў аспрэчыць у абласным судзе 10 сутак адміністрацыйнага арышту, якія яму прысудзілі за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня. Вынік прадказальны: судзьдзя Ірына Смалякова скаргу не задаволіла, а судовае рашэньне пакінула бязь зьменаў.

Уладзімер Кійко быў затрыманы 6 чэрвеня ў АУС Кастрычніцкага раёну Віцебску, куды прыйшоў даць тлумачэньні па адміністрацыйнай справе, распачатай супраць яго за ўдзел у пікеце 19 чэрвеня. Да суда ён правёў суткі ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ). 7 ліпеня судзьдзя Уладзімер Царыкаў пастанавіў пасадзіць Уладзімера Кійко на 10 сутак, але празь некалькі гадзін пасьля паседжаньня актывіста нечакана вызвалілі зь ІЧУ.

На пачатку паседжаньня ў аблсудзе Уладзімер Кійко заявіў адвод судзьдзі Ірыне Смаляковай. Патлумачыў, што ня хоча, каб ягоную скаргу разглядала судзьдзя, якая 15 чэрвеня адхіліла 5 аналягічных скаргаў актывістаў, пры гэтым дзейнічала непрафэсійна і перадузята. Смалякова адхіліла хадайніцтва аб адводзе і за рэплікі з залі выдаліла некалькіх слухачоў, у тым ліку праваабаронцу Ірыну Трацякову.

У сваёй скарзе Кійко спасылаўся на артыкулы Канстытуцыі і нормы Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Сьцьвярджаў, што «плясканьне ў далоні аўтамабілям, што праяжджаюць міма, не зьяўляецца замахам на інтарэсы дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкі парадак». Запэўніваў, што «выбарчыя правы і правы грамадзян на мірныя сходы і свабоднае выказваньне ўласнага меркаваньня – найважнейшыя палітычныя правы».

Актывіст зьвярнуў увагу судзьдзі Смаляковай, што прыйшоў да цэнтру «Марка Сіці», каб «узяць удзел у пікеце для збору подпісаў». Спаслаўся на арт. 61 Выбарчага кодэксу, у якім гаворыцца, што «збор подпісаў выбарцаў можа ажыцьцяўляцца ў форме пікетаваньня», «атрыманьня дазволу на правядзеньне пікетаваньня для гэтых мэтаў не патрабуецца». Ніякія забароны на плясканьне ў далоні ці шыхтаваньне ў ланцужок кодэксам не прадугледжаныя.

Кійко заявіў таксама, што быў безь якіх-небудзь важкіх падставаў і тлумачэньняў затрыманы да суду, і гэта пазбавіла яго магчымасьці паўнавартасна ўдзельнічаць у судовым працэсе (суд праходзіў праз скайп), а потым, таксама беспадстаўна, вызвалены зь ІЧУ.

«Якімі законамі і лёгікай кіруюцца праваахоўныя органы, прымаючы такія рашэньні, – невядома», – сказаў Уладзімер Кійко.

Судзьдзя Ірына Смалякова палічыла, што падставы для задавальненьня скаргі адсутнічаюць, і пакінула пастанову суду Кастрычніцкага раёну Віцебску бязь зьменаў.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.