Паводле міліцэйскага пратаколу, Людміла Валадкевіч 31 траўня ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу «на падставе збору подпісаў», які адбываўся каля гандлёвага цэнтру «Марка-сіці» ў цэнтры Віцебску.
Нагадаем, у той дзень да пункту збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую выцягнулася вялікая чарга людзей. Пакінуўшы подпісы, грамадзяне падыходзілі да «вольнага мікрафону», каб выказаць сваю пазыцыю наконт будучых выбараў. Выступіў таксама сузаснавальнік БХД Павал Севярынец.
На судзе Людміла Валадкевіч не адмаўляла, што знаходзілася ў той час на пляцоўцы каля піраміды ў Віцебску. Але з пратаколам не згадзілася і вінаватай сябе не прызнала. Паведаміла, што калі і брала ўдзел, то толькі ў легальным і не забароненым уладамі пікетаваньні для збору подпісаў.
У якасьці доказаў вінаватасьці жанчыны на судзе фігуравалі некалькі чорна-белых фотаздымкаў і міліцэйскі відэазапіс зь пікетаваньня. Прагледзеўшы відэа і прыпыніўшы яго на месцы, на якім людзі пачалі гучна скандаваць «Свабоду!», судзьдзя Ўладзімер Царыкаў палічыў віну Валадкевіч даказанай. За ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ён пакараў віцяблянку штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў).
Людміла Валадкевіч і судзьдзя Уладзімер Царыкаў праглядаюць міліцэйскае відэа
Пасьля заканчэньня працэсу Людміла Валадкевіч прызналася, што гэта быў першы суд у ейным жыцьці.
«Падчас паседжаньня судзьдзя спытаў мяне, ці зрабіла я з гэтага нейкія высновы. На судзе я адказала, што так, зрабіла. А цяпер удакладняю. Высновы такія: трэба ісьці далей і не зьвяртаць на гэта ўвагі!» – сказала Людміла Валадкевіч.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!