Алену Янушкоўскую затрымалі 5 чэрвеня ў доме яе дачкі ў вёсцы Пестуніца Віцебскага раёну. Яе даставілі ў аддзяленьне міліцыі Віцебскага раёну і пасьля складаньня пратаколу кінулі да суду за краты ізалятара часовага ўтрыманьня (ІЧУ) – нягледзячы на тое што жанчына мае інваліднасьць 3-й групы. Блогерка правяла ў ІЧУ трое сутак да суду.
Справу Янушкоўскай у судзе Віцебскага раёну разглядаў 8 чэрвеня па скайпе судзьдзя Міхаіл Зубеня. Актывістку абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – мітынгу, які прайшоў у Віцебску 31 траўня з удзелам палітыка Паўла Севярынца. Паводле пратаколу, Янушкоўская выкрывала лёзунгі «Лукашэнка, сыходзь!», «Жыве Беларусь!»
Жанчына не згадзілася з пратаколам і заявіла на судзе, што ў той дзень брала ўдзел у цалкам законным пікетаваньні для збору подпісаў. На пытаньне судзьдзі ў канцы паседжаньня, ці жадае яна што дадаць, заявіла: «Я жадаю толькі аднаго – зьмяніць гэтую сыстэму!»
Судзьдзя Зубеня пасьля прагляду відэа, зьнятага міліцыянтамі, палічыў віну актывісткі даказанай і пакараў яе паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП штрафам у памеры 40 базавых велічынь (1080 рублёў). Алена Янушкоўская цяпер на волі.
Апроч таго, 8 чэрвеня адбыліся яшчэ два суды над затрыманымі ў мінулую пятніцу і суботу актывістамі, якія знаходзяцца ў ІЧУ. Справы Алега Паўлава і Аляксандра Мацеюка разглядаў суд Чыгуначнага раёну Віцебску. Актывістаў таксама абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 31 траўня. Судзьдзя Алена Цыганкова прысудзіла Паўлава да 5 сутак арышту.
Вынік суду па справе Аляксандра Мацеюка быў невядомы аж да 19-й гадзіны. Каля 17.00 у судовым паседжаньні быў абвешчаны перапынак – абвінавачанаму далі 50 хвілін, каб ён скарыстаўся сваім правам на абаронцу. Потым, па словах праваабаронцы Паўла Левінава, які прысутнічаў на паседжаньні, разгляд справы Мацеюка паставілі ў чаргу: як апынулася, у віцебскім ІЧУ адзін скайп на ўсіх. Да закрыцьця суду (18.00) справа Мацеюка заставалася не разгледжанай. Толькі пасьля 19.00 стала вядома, што Аляксандр Мацяюк асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.
Удакладнім таксама, што віцяблянін Аляксандар Якушкоў, пра зьмяшчэньне ў ІЧУ якога мы пісалі раней, насамрэч знаходзіцца на волі – ён пазьбег затрыманьня. Суд над актывістам Яраславам Кійко, якога пасьля затрыманьня 5 чэрвеня адпусьцілі дамоў праз падвышаную тэмпэратуру цела, перанесьлі на 16 чэрвеня.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!