На каардынатара па Віцебскай вобласьці ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Яўгена Вільскага міліцыя склала аж тры пратаколы. Яўгена абвінавацілі ў парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах (арт.23.34 КаАП) на трох пікетах для збору подпісаў, якія адбыліся ў Наваполацку і Віцебску.
Першапачаткова мелася прайсьці тры судовыя паседжаньні (на разгляд кожнай справы – па паўгадзіны). Аднак 25 чэрвеня прайшло адно паседжаньне па ўсіх трох пратаколах. Падтрымаць Яўгена прыйшлі ягоная сям’я і паплечнікі. На паседжаньні прысутнічалі два міліцыянты.
Яўген Вільскі з абвінавачаньнем не пагадзіўся. На судзе сказаў, што пікеты ладзіліся ў межах выбарчага заканадаўства і што закон аб масавых мерапрыемствах у дадзеным выпадку прымяняцца ня можа.
«Я ўвогуле не разумею, за што мяне судзяць», – заявіў Вільскі.
Разгляд справы працягваўся 45 хвілін. Судзьдзя Зінаіда Балаболава агучвала матэрыялы справы і праглядала міліцэйскія відэафайлы. Вільскі глядзець відэа адмовіўся.
Напрыканцы паседжаньня судзьдзя манатонна прачытала рашэньне суду: 15 сутак арышту. Рашэньне набудзе моц у момант затрыманьня. Але пасьля суду Вільскага ніхто не затрымліваў. Судзьдзя заявіла, што ў Яўгена ёсьць 5 сутак на абскарджаньне судовага рашэньня.
На сёньня ў Наваполацку ўжо тры актывісты маюць пастановы суду аб адміністрацыйным арышце на 15 сутак (акрамя Вільскага, гэта актывісты Андрэй Зуеў і Артур Сінега), але міліцыя не сьпяшаецца выконваць гэтыя рашэньні. Мужчын могуць арыштаваць у любы момант.
Яўген Вільскі лічыць, што выкананьне судовага рашэньня аб іх арышце можа прыпасьць на пэрыяд перад галасаваньнем 9 жніўня.
Аляксандар Марозаў
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!