Серада, 24 Чэрвень 2020

Праваабаронцу БХК Ірыну Трацякову аштрафавалі на 20 базавых – назірала за зборам подпісаў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Ірына Трацякова. Фота: facebook.com Ірына Трацякова. Фота: facebook.com

24 чэрвеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску судзьдзя Алена Грабянчук прызнала праваабаронцу Беларускага Хэльсынскага камітэту Ірыну Трацякову вінаватай ва ўчыненьні адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага арт. 23. 34. КаАП. Праваабаронца хадайнічала, каб судовае паседжаньне прайшло безь яе.

Ірына Трацякова прасіла далучыць да матэрыялаў справы аб адміністрацыйным правапарушэньні копію накіраваньня РПГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» на публічныя мерапрыемствы кампаніі па выбарах прэзыдэнта ў 2020 годзе на тэрыторыі Віцебскай вобласьці.

Зь міліцэйскага пратаколу вынікае, што 19 чэрвеня Ірына Трацякова ўзяла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным уладамі пікетаваньні. Цягам двух гадзінаў яна знаходзілася ля ГЦ «Марка-Сіці», дзе адбываўся збор подпісаў за Ціханоўскую і Бабарыку, і публічна выказвала свае інтарэсы («пляскала ў далоні»). Сваімі дзеяньнямі яна нібыта парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Падчас паседжаньня

Але зь пісьмовага тлумачэньня Трацяковай паўстае зусім іншая карціна. У той дзень у раёне «Марка-Сіці» яна, як праваабаронца, ажыцьцяўляла маніторынг збору подпісаў на пікетах падчас выбарчай кампаніі згодна з накіраваньнем Беларускага Хэльсынскага камітэту. Паводле Трацяковай, уздоўж праезнай часткі яна не выстройвалася і ў далоні ня пляскала, свае асабістыя ды іншыя інтарэсы не выказвала. Удзелу ў несанкцыянаваным пікетаваньні ня брала. Прасіла спыніць адміністрацыйную справу ў сувязі з адсутнасьцю складу правапарушэньня.

Акрамя таго, ад яе паступіла скарга на дзеяньні намесьніка начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС адміністрацыі Першамайскааг раёну Віцебску Вадзіма Склімянка. У скарзе яна ўказала, што з пададзенымі ў пратаколе фактамі яна ня згодная. Зьвярнула ўвагу суду на той факт, што накіраваньне БХК знаходзілася пры ёй, але міліцыянт адмовіўся далучыць яго да справы. Якім чынам правядзеньне маніторынгу замахваецца на дзяржаўную ці грамадзкую бясьпеку, у пратаколе таксама не тлумачыцца.

Як лічыць праваабаронца, сваімі дзеяньнямі маёр міліцыі парушыў абавязкі, узятыя на сябе Рэспублікай Беларусь, і просіць прызнаць ягоныя дзеяньні неабгрунтаванымі.

У сваю чаргу, маёр міліцыі Склімянок адхіліў скаргу праваабаронцы БХК і цалкам падтрымаў у судзе пратакол, складзены на Ірыну Трацякову, хаця сам сьведкам падзей 19 чэрвеня ня быў. Таксама супрацоўнік МУС настойваў на тым, што Трацякова пляскала ў далоні разам зь іншымі. Даваць нейкія тлумачэньні наконт яе скаргі Склімянок адмовіўся.

Разгледзеўшы матэрыялы справы, судзьдзя Алена Грабянчук вырашыла, што ў дзеяньнях Ірыны Трацяковай маецца склад правапарушэньня, прадугледжанага часткай 1 артыкулу 23.34 КаАП, і пакарала яе штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Праваабаронца Павал Левінаў лічыць, што для праваахоўных органаў Беларусі ня мае значэньня, ці ты назіральнік БХК, ці просты грамадзянін.

Павал Левінаў

«Суд прайшоў як зазвычай. За 15 хвілін дзяржава зарабіла 20 базавых велічынь. Хвіліна – 1 базавая! Я б таксама хацеў атрымліваць такі заробак. А калі сур’ёзна, я ўпэўнены, што дадзеная пастанова будзе адмененая. Занадта шмат правапарушэньняў з боку МУС, але судзьдзя іх не заўважала», – пракамэнтаваў вынікі суду віцебскі праваабаронца Павал Левінаў.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.