Адміністрацыйныя справы Андрэя Зуева і Артура Сінегі разглядала праз скайп судзьдзя Зінаіда Балаболава. Суд прайшоў патаемна ад журналістаў і паплечнікаў актывістаў, якія так і не трапілі на адкрытае паседжаньне, бо інфармацыю пра яго пачатак ад іх папросту схавалі.
Судзьдзя Балаболава прызнала наваполацкіх актывістаў вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні (арт. 23.34 КаАП) з выкарыстаньнем плякатаў «Слуга, сыходзь – народ прыйшоў», «Краіна для жыцьця», выявай перакрэсьленага прусака ды іншымі. Па словах Артура Сінегі, судзьдзя зачытвала рашэньне са звычайнага нататніку: 15 сутак арышту.
Ніякія пярэчаньні і довады пра тое, што актывісты бралі удзел у цалкам легальным пікеце для збору подпісаў, судзьдзя пад увагу не ўзяла.
Нечаканасьцю стала тое, што пасьля абвяшчэньня пастановы аб арышце, мужчын выпусьцілі з цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на волю. Ім паведамілі, што яны маюць 5 дзён на абскарджаньне рашэньня суду і што выкананьне прысуду пакуль адкладзенае.
«Думаю, што зрабілі гэта ня зь нейкіх гуманных меркаваньняў, а каб мець магчымасьць «закрыць» у любы момант. Мяркую, паспрабуюць зрабіць гэта напярэдадні выбараў. Ідзе непрыхаванае запалохваньне народу!» – сказаў пасьля вызваленьня зь ЦІПу актывіст Андрэй Зуеў.
Навапалачане зьбіраюцца абскардзіць пастанову судзьдзі Балаболавай у Віцебскім абласным судзе.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!