Серада, 24 Чэрвень 2020

Дачку блогеркі Янушкоўскай Юлію Ўласенка аштрафавалі на 270 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Юлія Ўласенка і Алена Янушкоўская перад судом Юлія Ўласенка і Алена Янушкоўская перад судом

Блогерку Алену Янушкоўскую і яе дачку Юлію Ўласенка затрымалі амапаўцы падчас «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня ў Віцебску. Алену судзілі 22 чэрвеня, калі яна яшчэ знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ), і аштрафавалі на 45 базавых велічынь. Справу Юліі Ўласенка разгледзеў суд Віцебскага раёну 24 чэрвеня.

Юлію Ўласенка судзілі адразу за два правапарушэньні. Міліцыянты склалі на яе пратаколы за «ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні 7 чэрвеня» і за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці», які адбыўся ў Віцебску 19 чэрвеня. Гэтыя адміністрацыйныя справы былі аб’яднаныя ў адну. Разьбірала іх судзьдзя Натальля Трацякова.

На паседжаньні Юлія выказала нязгоду з пратаколамі і віны сваёй не прызнала.

«Я проста хадзіла гуляць, дыхала паветрам. Я не разумею наагул, што адбываецца ў маёй краіне, калі мяне за гэта прыцягваюць да адказнасьці. Нейкае беззаконьне!» – сказала на судзе Юлія Ўласенка.

Судзьдзя Трацякова не дазволіла па хадайніцтве Юліі весьці яе маці стрым з судовага паседжаньня. Судзьдзя таксама не зьвярнула ўвагі на недакладнасьці і памылкі ў пратаколах, на якія паказала абвінавачаная. Пасьля прагляду міліцэйскіх відэа- і фотаматэрыялаў судзьдзя Трацякова палічыла віну Юліі Ўласенка цалкам даказанай. Зважаючы на тое, што жанчына выхоўвае двух непаўнагадовых дзяцей, пакарала яе штрафам у памеры 10 базавых велічынь (270 рублёў).

Юлія Ўласенка мае намер абскардзіць гэтае рашэньне ў абласным судзе.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.