Чацвер, 02 Красавік 2020

Прызыўная камісія адмяніла адтэрміноўку, але суд стаў на бок прызыўніка

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Андрэй Крычаўцоў і Павал Левінаў пасьля суду Андрэй Крычаўцоў і Павал Левінаў пасьля суду

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 31 сакавіка задаволіў скаргу прызыўніка Андрэя Крычаўцова, якому гарадзкая прызыўная камісія адмяніла адтэрміноўку ад службы ў войску. Пра гэта паведаміў сябра простага таварыства «Грамадзкі камітэт упаўнаважаных па правах чалавека «Правы для ўсіх» Павал Левінаў, які ўдзельнічаў у працэсе ў якасьці прадстаўніка грамадзкасьці.

Віцяблянін Андрэй Крычаўцоў стаіць на вайсковым уліку ў Віцебскім гарадзкім ваенным камісарыяце. У траўні 2013 году Андрэю далі адтэрміноўку ад прызыву, бо ён даглядае непрацаздольную маці. Адтэрміноўка дзейнічае аж да лютага 2021 году.

Між тым, 27 лістапада 2019 году Віцебская гарадзкая прызыўная камісія адмяніла ўласнае рашэньне аб адтэрміноўцы. Прычына: Крычаўцоў мае працаздольнага бацьку, які і мусіць даглядаць маці. Віцяблянін з рашэньнем камісіі не пагадзіўся. У скарзе заявіў, што адмена адтэрміноўкі – неабгрунтаваная, бо ён ужо колькі гадоў пражывае з маці-пэнсіянэркай удваіх, «ёсьць адзіным яе сынам і працаздольнай асобай, абавязанай яе даглядаць». Удакладніў, што маці ад 2004 году разьведзеная з бацькам і той зь імі не жыве.

Судзьдзя Ала Бардзюкова задаволіла скаргу прызыўніка і прызнала рашэньне Віцебскай гарадзкой прызыўной камісіі аб адмене адтэрміноўкі неправамернай. Пастанавіла таксама спагнаць зь Віцебскага гарвыканкаму на карысьць Андрэя Крычаўцова 27 рублёў, якія ён заплаціў у якасьці дзяржпошліны.

Рашэньне пакуль не набыло законнай моцы.

Адзначым, што перамогу ў судзе Андрэй Крычаўцоў атрымаў і дзякуючы падтрымцы праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву». Раней кіраўнік цэнтру Алег Воўчак казаў пра тое, што ўсе паседжаньні прызыўных камісій у Беларусі праходзяць фармальна, саміх прызыўнікоў на іх не выклікаюць, а справаводзтва вядзецца неналежным чынам.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.