Аўторак, 24 Сакавік 2020

«Адтэрміноўку скасавалі безь мяне». У Віцебску прызыўнік судзіцца з прызыўной камісіяй

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Андрэй Крычаўцоў. Фота: belprauda.org Андрэй Крычаўцоў. Фота: belprauda.org

20 сакавіка ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску на папярэднім судовым паседжаньні разглядалася скарга прызыўніка Андрэя Крычаўцова. Прадстаўнікі ваенкамату і Віцебскага гарвыканкаму на суд не прыйшлі. Наступнае паседжаньне прызначанае на 31 сакавіка, паведамляе Беларуская праўда.

27 лістапада 2019 году Віцебская гарадзкая прызыўная камісія пад кіраўніцтвам намесьніка старшыні гарвыканкаму Віктара Глушына адмяніла Андрэю Крычаўцову адтэрміноўку на прызыў у войска, якая дзейнічала ад 2013 году.

Просіць адмяніць рашэньне прызыўной камісіі

Віцяблянін не згадзіўся з адменай адтэрміноўкі, бо ён адзіны сын і працаздольная асоба, таму, паводле заканадаўства, абавязаны ўтрымліваць маці-пэнсіянэрку (маці пайшла на пэнсію ў 2012-м, з мужам разышлася ў 2004 годзе).

У скарзе Андрэй Крычаўцоў паведамляе, што гарадзкая прызыўная камісія адмяніла адтэрміноўку «безь яго прысутнасьці». Пра рашэньне камісіі даведаўся толькі 3 сакавіка 2020 году. Просіць суд прызнаць рашэньне Віцебскай гарадзкой прызыўной камісіі неправамерным і адмяніць яго.

Ні прадстаўнікі ваенкамату, ні службовыя асобы з гарвыканкаму на суд не зьявіліся. Але ваенкамат выклаў сваю пазыцыю пісьмова. Паводле ёй, каб атрымаць адтэрміноўку, трэба каб і бацька, і маці былі непрацаздольнымі. Але, як заўважае прызыўнік, у гэтым тлумачэньні маецца супярэчнасьць, бо, паводле Кодэксу аб шлюбе і сям’і, гэтае палажэньне губляе моц, калі сужэнцы ня маюць узаемных абавязкаў па ўтрыманьні і клопаце. Маці Крычаўцава зь 2004 году ў разводзе, яна адзінокая пэнсіянэрка, і менавіта сын мусіць аб ёй клапаціцца.

Сябры прызыўной камісіі, выкліканыя на суд у якасьці сведак, таксама не зьявіліся. У тым ліку – ваенны камісар гораду Віцебску, Віцебскага і Лёзьненскага раёнаў Аляксандар Няфёдаў.

На судовым паседжаньні прысутнічаў віцебскі праваабаронца Павал Левінаў і яшчэ адзін прызыўнік Ільля Магаршак, якому таксама скасавалі адтэрміноўку.

Алег Воўчак: Паседжаньні камісій праходзяць фармальна

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак сьцьвярджае, што адтэрміноўку Андрэю Крычаўцову адмянілі незаконна. Гэта ўжо другая па ліку справа, падрыхтаваная праваабарончым цэнтрам да суду.

«Гэтая справа важная ня толькі для Андрэя, але і для іншых прызыўнікоў, бо менавіта ў судзе мы атрымліваем інфармацыю пра тое, як працуюць прызыўныя камісіі. Раней мы лічылі, што галоўным чалавекам па адтэрміноўцы зьяўляецца ваенкам. Але цяпер высьветлілі, што ваенкам – звычайны сябра прызыўной камісіі, якую ўзначальвае намесьнік кіраўніка адміністрацыі гораду», – кажа Алег Воўчак.

Паводле яго, усе паседжаньні камісій праходзяць фармальна, саміх прызыўнікоў на іх не выклікаюць, а справаводства вядзецца неналежным чынам.

«Калі мы пішам скаргі ў пракуратуру, адміністрацыю раёну ці міністру абароны, то яны не далучаюцца да справы прызыўніка. І наагул, сутыкнуліся з тым, што падчас паседжаньня прызыўных камісій не вядзецца пратаколу, у якім бы фіксавалася патрэбная інфармацыя, у прыватнасьці: хто з членаў камісіі рыхтаваў праект рашэньня наконт канкрэтнага прызыўніка, як галасавалі сябры камісіі, ці быў выкліканы прызыўнік са сваім прадстаўніком, якія вывучаліся матэрыялы і г.д.», – расказвае праваабаронца.

Алег Воўчак упэўнены, што сыстэму арганізацыі парадку падрыхтоўкі і правядзеньня мабілізацыйных мерапрыемстваў у Беларусі трэба мяняць.

Юрысты цэнтру разам з Грамадзянскай ініцыятывай «32» будуць і надалей інфармаваць органы ўлады пра тое, што прызыўнік ня мусіць абмяжоўвацца ў сваіх правах і свабодах падчас правядзеньня мабілізацыйных мерапрыемстваў па прызыву ў войска. Ён мусіць ведаць усю інфармацыю: пра сябраў прызыўной камісіі, пра парадак абскарджаньня іх рашэньняў. Прызыўнік мусіць браць непасрэдны ўдзел у паседжаньнях камісій, мець права на абаронцу і атрымліваць копіі дакумэнтаў з асабістай справы для іх абскарджаньня.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.