Серада, 08 Красавік 2020

Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргу Міколы Шараха праз Skype. Які вынік?

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Мікола Шарах на анлайн-судзе Мікола Шарах на анлайн-судзе

8 красавіка Віцебскі абласны суд у анлайн-рэжыме разгледзеў скаргу старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхолы Шараха на пастанову Полацкага суду, які 2 сакавіка аштрафаваў яго на 405 рублёў за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Скаргу разглядала судзьдзя Сьвятлана Іванова праз Skype.

Дыстанцыйная форма судовага паседжаньня была абумоўленая неспрыяльнай сытуацыяй з распаўсюдам каронавірусу ў Віцебскай вобласьці.

На падставе ч.1 арт. 23.34 КАаП Мікола Шарах быў аштрафаваны на 15 базавых велічынь (405 рублёў). Суд першай інстанцыі прызнаў яго вінаватым у тым, што 4 студзеня ён удзельнічаў у пікетаваньні ля Сафійскага сабору ў Полацку.

З пастановай суду прафсаюзны лідэр не пагадзіўся. Палічыў, што яна парушае ягонае канстытуцыйнае права на выказваньне меркаваньня. Прыцягненьне да адказнасьці Шарах палічыў неабгрунтаваным і незаконным. У скарзе прасіў адмяніць пастанову і спыніць справу.

Мікола Шарах спрабаваў давесьці, што каля Сафійскага сабору сустракаўся з сябрам, а групавое фота ня лічыць пікетаваньнем. На думку актывіста, гэта было найхутчэй стыхійнае выказваньне пазыцыі, бо пікет як такі мусіць быць заплянаваны загадзя, а ён пра пікет ня ведаў і не плянаваў у ім удзельнічаць. Ля Сафійскага сабору мусіла адбыцца гістарычная лекцыя.

Шарах зьвярнуў увагу судзьдзі, што там знаходзіліся розныя групы людзей, адна зь якіх заклікала прыхільнікаў незалежнасьці сфатаграфавацца. Некаторыя грамадзяне трымалі ў руках асобныя літары, якія разам склалі слова «Незалежнасьць». Як сьцьвярджаў актывіст, было некалькі фотаздымкаў, таму ён лічыць, што гэта было звычайнае фатаграфаваньне, а ніяк не пікетаваньне.

«Так, я выказваў сваё меркаваньне ў падтрымку незалежнасьці, але я не лічу, што ўдзельнічаў у пікеце», – заявіў Мікола Шарах.

Разгляд справы доўжыўся 15 хвілінаў. У нейкі момант судзьдзя Сьвятлана Іванова заўважыла, што разумее беларускую мову, і прапанавала Міколу карыстацца ёй, бо той часам з расейскай пераходзіў на беларускую. Сьледам за ім па-беларуску пачала гаварыць і судзьдзя.

Але гэтая акалічнасьць аніяк не паўплывала на вынікі разгляду.

Судзьдзя Іванова пакінула пастанову бяз зьменаў, а скаргу без задавальненьня. Сваё рашэньне яна абвясьціла анлайн па-беларуску.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.