Чацвер, 26 Сакавік 2020

Каронавірус: Віцебскі абласны суд прапануе разглядаць справы дыстанцыйна

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Фота: court.gov.by Фота: court.gov.by

«Юрыдычна зацікаўленым у выніках справы асобам прапануецца браць удзел у разглядзе справаў дыстанцыйна», – пра гэта паведаміў першы намесьнік старшыні Віцебскага абласнога суду Анатоль Фаменка на запыт праваабаронцы Паўла Левінава. У сваім звароце ён пытаўся, якія захады зрабіла кіраўніцтва аблсуду, каб засьцерагчы здароўе і жыцьцё наведнікаў і супрацоўнікаў.

У сувязі з абвяшчэньнем Сусьветнай арганізацыяй аховы здароўя пандэміі каронавірусу праваабаронца Павал Левінаў пісьмова зьвярнуўся ў Віцебскі абласны суд з просьбай даць яму «поўную, праўдзівую і своечасовую інфармацыю» аб тым, якія захады робіць кіраўніцтва для захаваньня жыцьця і здароўя ўдзельнікаў працэсаў і супрацоўнікаў судоў.

Левінаву адказаў першы намесьнік старшыні Віцебскага абласнога суду Анатоль Фаменка. Ён сьцьвярджае, што судом «прымаюцца ўсе магчымыя меры засьцеражэньня з выкарыстаньнем сродкаў гігіены і дэзінфэкцыі».

«Апроч таго, юрыдычна зацікаўленым у выніках справы асобам прапануецца браць удзел у разглядзе справаў дыстанцыйна», – паведамляе Фаменка.

«Наведнікам рэкамэндавана, калі магчыма, устрымацца ад наведваньня памяшканьняў судоў, для накіраваньня скаргаў і зваротаў выкарыстоўваць паштовыя адпраўленьні і электронную пошту», – дадае ў адказе.

Яшчэ ў 2017 годзе на афіцыйным сайце Вярхоўнага суду паведамлялася, што «ў Беларусі ўсе суды абласнога зьвяна маюць абсталяваньне для правядзеньня дыстанцыйных судовых паседжаньняў». Паводле дадзеных, толькі ў 2016 годзе было праведзена 1000 дыстанцыйных працэсаў.

У лютым 2020 году першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валеры Калінковіч паведаміў падчас прэс-канфэрэнцыі, што да восені ўсе суды абласнога зьвяна будуць абсталяваныя сучаснымі сыстэмамі аўдыёвідэафіксацыі судовых працэсаў. Прыкладна ў гэтыя ж тэрміны плянуецца пачаць вопытную эксплёатацыю новай адзінай інфармацыйнай сыстэмы, якая мае зьвесьці да мінімуму папяровы дакумэнтазварот і пашырыць магчымасьці дыстанцыйнага звароту ў суд.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.