Адміністрацыйныя справы разглядаліся без абвінавачаных: Кійко і Качурэц на судовае паседжаньне прынцыпова не пайшлі.
Згодна з пратаколамі, 29 сьнежня Ўладзімер Кійко і Мікола Качурэц парушылі парадак правядзеньня пікетаваньня, замацаваны ў беларускім заканадаўстве. Віцябляне ўзялі актыўны ўдзел у мерапрыемстве, якое ладзілася без дазволу мясцовай улады.
Міліцыянты сьцьвярджалі ў пратаколах, што падчас пікетаваньня Уладзімер Кійко трымаў у руках плякат з надпісам «Лукашэнку зь яго бандай – ганьба! Абаронім краіну! Не – інтэграцыі!» ды выгуквай лёзунгі «Жыве Беларусь!», «Незалежнасьць!». Качурэц жа трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг.
Уладзімер Кійко падчас пікетаваньня 29 сьнежня 2019 году
Абодвух вінавацілі паводле ч.3 арт.23.34 КаАП, бо парушэньні па гэтым артыкуле былі паўторнымі цягам году. Асноўным жа доказам таго, што абвінавачаныя парушылі заканадаўства, стаўся на судзе відэазапіс са старонкі ў «Фэйсбуку» актывісткі Тацяны Севярынец.
Пасьля вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы і прагляду відэароліку судзьдзя Юры Урбан аштрафаў Кійко і Качурца на максімальна вялікую суму, прадугледжаную ч.3 арт.23.34 КаАП, – на 50 базавых велічыняў кожнага (па 1350 рублёў).
Мікола Кучурэц
На наступным тыдні суды над пікетоўцамі працягнуцца. Штрафамі пакараныя ўжо пяцёра віцяблян.
С. Горкі