Пікетоўцы выступалі за незалежнасьць Беларусі, але суд працягвае лічыць, што яны парушалі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП).
Прасіла спыніць справу
Справу Натальлі Трошчанка разглядала судзьдзя Алена Грабянчук.
Сама актывістка на суд не прыйшла, але напісала заяву, у якой спаслалася на міжнароднае права, якое гарантуе грамадзянам публічна выказваць сваё меркаваньне і браць удзел у масавых мерапрыемствах. Прасіла ў заяве спыніць адміністрацыйную справу, распачатую супраць яе.
Відэазапіс на судзе не дэманстраваўся, сьведкі не выступалі.
Паводле пратаколу, Натальля Трошчанка «актыўна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаваньні з мэтай публічнага выказваньня свайго стаўленьня да інтэграцыі Расіі і Беларусі, трымала ў руках бел-чырвона-белы сьцяжок».
Натальля Трошчанка
Судзьдзя Алена Грабянчук прызнала актывістку вінаватай у правапарушэньні, прадугледжаным ч.1 арт. 23.34 і прысудзіла штраф у памеры 24 базавых велічынь (648 рублёў).
«Ганьба! Трэба судзіць вас і кіраўніка краіны, а не актывістаў», – выказалася на адрас судзьдзі пасьля абвяшчэньня пастановы актывістка БХД Тацяна Севярынец.
Чырвона-зялёны не ўратаваў
Справу 34-гадовага віцябляніна Юрыя Мазкова разглядала судзьдзя Сьвятлана Варатынская.
Мужчыну таксама абвінавацілі ў «актыўным удзеле» ў пікетаваньні. Сам жа Мазкоў сьцьвярджаў на судзе, што апынуўся ў той час на плошчы амаль выпадкова, ня ведаў, ці было гэтае мерапрыемства дазволенае ўладамі, і трымаў у руках дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг.
Юры Мазкоў (у цэнтры) падчас пікету
Нягледзячы на тое, што Юры Мазкоў мае дваіх малалетніх дзяцей, судзьдзя Сьвятлана Варатынская аштрафавала яго на 22 базавыя велічыні (594 рублі).
Пры гэтым падчас працэсу нават не запыталася, ці прызнае сам абвінавачаны сваю віну.
Суды над удзельнікамі акцыі 29 сьнежня працягнуцца. 17 студзеня ў судзе Чыгуначнага раёну будуць разглядацца адміністрацыйныя справы яшчэ двух пікетоўцаў – Уладзімера Кійко (10.00) і Міколы Качурца (12.00).
Уладзімер Бяляўскі, Зьміцер Міраш