Сама актывістка ў суд не зьявілася, справа разглядалася безь яе.
Паводле пратаколу, 29 сьнежня «Алена Янушкоўская актыўна пратэставала супраць інтэграцыі з Расеяй». «Сваімі дзеяньнямі яна парушыла парадак арганізацыі ды правядзеньня пікетаваньня. У руках актывістка трымала плякаты з надпісам «Незалежнасьць» і «Лукашэнку зь яго бандай – ганьба! Абаронім краіну! Не – інтэграцыі!» – сьцьвярджалася ў пратаколе.
Агучыўшы матэрыялы справы, судзьдзя Цыганкова палічыла іх дастатковымі для таго, каб прызнаць Янушкоўскую вінаватай ва ўчыненьні адміністрацыйнага правапарушэньня. Відэазапіс, які меўся ў матэрыялах справы ў якасьці доказу, на судзе не праглядалі.
Судзьдзя Алена Цыганкова пастанавіла пакараць Алену Янушкоўскую адміністрацыйным штрафам у памеры 25 базавых велічынь (675 беларускіх рублёў).
Раней судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Цыганкова аштрафавала на 25 базавых велічынь яшчэ аднаго ўдзельніка пікету ў Віцебску 29 сьнежня 2019 году Алега Паўлава.
23 студзеня ў судзе Віцебскага раёну будзе разглядацца яшчэ адна адміністрацыйная справа, заведзеная ў дачыненьні Алены Янушкоўскай за публікацыю ў сацсетках анонсу акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 29 сьнежня (па тым жа арт. 23.34). Пачатак суду – 9.45.
У той жа дзень (23 студзеня) у судзе Першамайскага раёну будуць разглядацца адміністрацыйныя справы супраць Натальлі Сьпірыдонавай (пачатак – 9.10) і Тацяны Севярынец (9.40), якіх таксама абвінавачваюць у парушэньні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў і будуць судзіць за рэпосты анонсаў акцыі ў Віцебску.
С. Горкі