8 кастрычніка ў Віцебску ў каналізацыйны бэтонны калодзеж упаў чатырохгадовы хлопчык. Дапамогі ў супрацоўнікаў МНС папрасіла маці дзіцяці. Ратавальнікі пры дапамозе лесьвіцы паднялі дзіця з калодзежа глыбінёй два з паловай мэтры. Для далейшага абсьледаваньня дзіця шпіталізаванае ў абласны шпіталь з папярэднім дыягназам «удар каленнага сустава».

Пад руінамі свайго двухпавярховага дому баяцца апынуцца жыхары дому №21 па вуліцы Садовай, што ў Глыбокім. Там жывуць дзьве сям’і, у адных кватэра – прыватызаваная, у другіх – не. Сам дом знаходзіцца на балянсе кансэрвавага заводу, які амаль банкрут. У доме разбураецца цагляная сьцяна, працякае дах і паўсюль цьвіль.

У ААТ «Мона» пачала працаваць і набірае абароты новая спэцыялізаваная вытворчая лінія па пашыве форменных кашуляў для сілавых структур Расеі. У цяперашні час, як адзначае дырэктар прадпрыемства Віктар Амельчанка, ёсьць магчымасьць забясьпечваць максымальную загрузку вытворчасьці, шыючы форменныя кашулі для сілавых структур Расейскай Фэдэрацыі, бо ёмістасьць гэтага рынку складае каля 1 мільёну вырабаў на год.

Надоечы жыхарцы вёскі Лужасна Галіне Жураўлёвай павінны былі прывезьці дровы, замяніць газавы балён, аднак у абодвух выпадках кіроўцы вымушана разварочваліся, а жанчына заставалася ні з чым. Праезд у завулку да дому № 18 па вуліцы М.Лынькова і да суседніх зямельных участкаў аказаўся перакрыты бэтоннымі плітамі, якія 17 верасьня гэтага году выгрузілі будаўнікі (на здымку).

Намесьнік пракурора Гарадоцкага раёну Максім Зіновік распавёў пра крадзеж больш за чвэрць мільярду рублёў з заробкаў работнікаў Гарадоцкага прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак праз завышэньне заробкаў. Гэтае крымінальнае злачынства было зьдзейсьненае 49-гадовай бухгальтаркай КУВП «Гарадоцкае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак» цягам 23 месяцаў падчас падрыхтоўкі і правядзеньня сьвята працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласьці «Дажынкі-2014» у Гарадку.