Пятніца, 09 Лістапад 2018

“Табакерка” ідзе ў аграгарадкі? Тытунёвы шапік паставяць у Мазалаве – “вёсцы будучага”

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
"Табакерка" паўстане непадалёку ад гэтага мазалаўскага раздарожжа "Табакерка" паўстане непадалёку ад гэтага мазалаўскага раздарожжа

Віцебскі райвыканкам паведаміў аб правядзеньні грамадзкіх абмеркаваньняў “архітэктурна-плянавай канцэпцыі” будаўнічага аб’екту ў аграгарадку Мазалава. А менавіта – “спэцыялізаванага гандлёвага пункту для стварэньня недзяржаўнай сеткі па рэалізацыі тытунёвых вырабаў”. Як высьветлілася, у Мазалаве плянуюць усталяваць шапік “Табакерка”.

Абвестку аб грамадзкім абмеркаваньні заказчык будаўніцтва (Віцебскі райвыканкам) разьмясьціў на сваім сайце яшчэ 19 кастрычніка. Абмеркаваньне пачалося 30 кастрычніка і працягнецца да 23 лістапада. Але, па сутнасьці, ніякага абмеркаваньня няма. Калі б звычайны жыхар Мазалава зайшоў у мясцовы сельсавет і папрасіў бы азнаёміцца з экспазыцыяй праекту, каб паўдзельнічаць у абмеркаваньні, зь яго проста пасьмяяліся б. Як пасьмяяліся з нас.

“Калі хочаце – заходзьце і абмяркоўвайце. Бачыце, тут толькі стол стаіць і шклянка з вадой. Ніякіх папер у нас няма”, – расчыніў дзьверы ў актавую залю старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна.

Аднак, паводле інфармацыі Віцебскага райвыканкаму, месцам правядзеньня экспазыцыі праекту ёсьць якраз актавая заля сельсавету.

"Табакеркі" ўжо стаяць у Віцебску

Адзінае, пра што без усякіх экспазыцый даведаліся ад старшыні, – гэта што “адзін чалавек жадае выкупіць кавалак зямлі, каб усталяваць на ім тытунёвы кіёск”. Таму і праводзяцца “абмеркаваньні”.

Перазванілі ў райвыканкам. Адна з супрацоўніц пацьвердзіла, што гэта будзе такі самы шапік, якія ўжо ўсталёўваюць у Віцебску, “Табакерка”. Яго плянуюць паставіць каля будынку па вуліцы Мэліяратараў, 50, у самым цэнтры вёскі.

Цікава, што там (канцавы прыпынак маршруткі 336) знаходзяцца ўжо дзьве крамы. У дзяржаўным (і вельмі бедным) гандлёвым цэнтры “Мазалава” прадавачка адказала, што тытунёвы шапік тут будзе дарэчы: “Нам цыгарэты амаль не завозяць”.

Гандлёвы цэнтар "Мазалава"

А ў прыватнай краме – за 20 мэтраў ад “гандлёвага цэнтру” – вельмі зьдзівіліся навіне: “У нас жа ўсё ёсьць – ніякіх праблем з цыгарэтамі. Глядзіце: ад NZ да Marlboro…”

Нагадаем, 7 лістапада ў Мазалаве зь вялікай помпай адчынілі агракомплекс “Мазалавагаз”, а таксама гандлёвы цэнтар з крамай і кавярняй (яны знаходзяцца прыблізна за 1 км ад месца меркаванага ўсталяваньня “Табакеркі”). Паводле БелТА, старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў назваў на адкрыцьці агракомплексу Мазалава “вёскай будучага”.

Мазалава не стварае ўражаньня "вёскі будучыні"

Гісторыка-культурная каштоўнасьць - дом былой сядзібы "Мілае" ў Мазалаве (пач. XIX ст.). Зараз належыць праваслаўнаму прыходу. Будзе амаль што суседнічаць з "Табакеркай"

"Помнік" ужо іншай эпохі (знаходзіцца за прыватнай крамай у цэнтры Мазалава)

Раней мы ўжо пісалі пра тое, у якіх умовах у Віцебску вырабляюць кіёскі “Табакерка”. Нагадаем, кампанія “Энэрга-Оіл”, падкантрольная бізнэсоўцу Аляксею Алексіну, плянуе цягам двух гадоў адчыніць у Беларусі 2500 пунктаў продажу цыгарэт. Шапікі і павільёны “Табакерка” зьявяцца ў беларускіх гарадах у сувязі з рэалізацыяй інвэстпраекту, мэта якога – стварэньне недзяржаўнай сеткі гандлю тытунёвымі вырабамі.  

Зьміцер Міраш, фота аўтара    

Пакінуць камэнтар