Панядзелак, 19 Лістапад 2018

Глыбоцкае райспажыўтаварыства будзе ліквідаванае

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Эканамічны суд Віцебскай вобласьці прызнаў Глыбоцкае раённае спажывецкае таварыства (райпа) эканамічна неплацежаздольным (банкрутам) і вынес рашэньне аб яго ліквідацыі ў тэрмін да 31 траўня 2019 году, паведамілі БелТА ў прэсавай службе суду.

Пасьля ўступленьня судовай пастановы ў сілу антыкрызысны кіраўнік павінен распачаць пагашэньне патрабаваньняў конкурсных крэдытораў на суму каля Br9,4 млн, у тым ліку трэба будзе разьлічыцца з працаўнікамі па заробку за чэрвень 2018 году ў памеры каля Br15 тыс., а таксама ліквідаваць запазычанасьць па падатках і зборах больш за Br670 тыс.

Паводле інфармацыі антыкрызыснага кіраўніка Натальлі Шваб, патрабаваннi да даўжнiка заявілі каля 300 крэдытораў, аднак гэты лік неканчатковы і патэнцыйна можа ўзрасьці прыкладна ў два разы. Пры гэтым кошт маёмасьці ацэньваецца амаль у Br5 млн. Як адзначыла Натальля Шваб, шматлікія рэарганізацыі райпа адбіліся на стане ўліку на прадпрыемстве, у тым ліку па рэгістрацыі нерухомасьці, ацэнцы зямлі. У ходзе інвэнтарызацыі выяўлена шмат няўлічанай маёмасьці.

Асноўнымі прычынамі неплацежаздольнасьці прадпрыемства сталі страта рынкаў збыту, значнае перавышэньне расходаў над даходамі, павелічэньне запазычанасьці за кошт штрафаў, пені па падатках і іншых абавязковых плацяжох, фактычнае спыненьне дзейнасьці. Сход упаўнаважаных таварыства прыняў рашэньне аб немэтазгоднасьці правядзеньня дасудовага аздараўленьня райпа і яго ліквідацыі. Глыбоцкі райвыканкам і Белкаапсаюз пагадзіліся з такім рашэньнем. Сход крэдытораў ухваліў плян лiквiдацыi даўжнiка.

Паводле словаў намесьніцы старшыні Віцебскага аблспажыўсаюзу Тацяны Назаравай, цяпер гандлёвае абслугоўваньне жыхароў Глыбоцкага раёну забясьпечвае адмыслова створанае для гэтага ўнітарнае прадпрыемства “АльянсКаапГандаль” Докшыцкага райпа. На гэтым прадпрыемстве працаўладкаваныя былыя работнікі Глыбоцкага райспажыўтаварыства.

zviazda.by

Залагініцца каб дадаць камэнтары