На мадэлі 3D-друкаркі Prusa чэскай вытворчасьці прысутным была прадэманстраваная тэхналёгія друку. Дарэчы, гэты прынтэр належыць да шэрагу недарагіх: каштуе ўсяго каля 900 даляраў. Расходным матэрыялам для яго служыць тонкая плястыкавая нітка, якая вырабляецца з кукурузнага крухмалу, а таму лічыцца экалягічна чыстай. Каштуе такая нітка таксама адносна нядорага – 50 беларускіх рублёў за кіляграм. Што тычыцца самой тэхналёгіі, то яна вымагае часу – каб надрукаваць невялікую плястыкавую мадэль вышынёй 10 цантымэтраў, неабходна чакаць дзьве гадзіны.
Тэхналёгія аб'ёмнага друку была вядомая даўно, яшчэ ў 60-х гадох мінулага стагодзьдзя. Але ўвасобіць яе ў жыцьцё не ўдавалася праз адсутнасьць магутных працэсараў. Гэта стала магчымым толькі пры канцы 1980-х гадоў, калі зьявіліся больш моцныя кампутары. Сам Мікалай лічыць гэтую тэхналёгію «супэркарыснай» і называе яе «дзьвярыма зь лічбавага ў рэальны сьвет», бо менавіта яна дазваляе рэчам, спампаваным з інтэрнэту ў выглядзе файлаў, надаваць рэальныя абрысы і формы.
Падчас прэзэнтацыі распавёў Мікалай і пра так званую Індустрыю 4.0, якая крочыць па усімі сьвеце, але да Беларусі пакуль яшчэ не дапала.
Індустрыя 4.0 уважаецца няйначай як за чацьвёртую прамысловую рэвалюцыю і характарызуецца наступнымі тэхналёгіямі:
1) аўтаматызацыя паслуг з выкарыстаньнем «вялікіх дадзеных»;
2) разьвіцьцё альтэрнатыўных сетак, падобных да інтэрнэту;
3) адытыўныя тэхналёгіі (3D-тэхналёгіі);
4) камадызацыя (спрашчэньне, наколькі гэта магчыма, розных працэсаў, а таксама тэхналёгіяў вырабу тавараў і паслугаў);
5) дэцэнтралізацыя вытворчасьці тавараў;
6) камунікаваньне рэчаў без удзелу чалавека (інтэрнэт-рэчы);
7) актыўны ўдзел «разумных» рэчаў ва ўласным канструяваньні, вырабе і рамонце;
8) стварэньне інфраструктуры дадатковай рэальнасьці.
Пералічаныя тэхналёгіі шпарка разьвіваюцца па ўсім сьвеце. Тое, што ня так даўно здавалася фантастыкай, цяпер ёсьць штодзённай рэальнасьцю. Многія краіны спрабуюць быць на пярэднім краі гэтага працэсу.
На якім узроўні знаходзіцца Беларусь – не зусім зразумела. Але, паводле Мікалая, тэхналягічны прагрэс закране ўсе краіны і кантынэнты, незалежна ад іх палітычнага і фінансавага стану. Дык што можна спадзявацца, што 3D-друкаркі ды іншыя рэчы сучаснага сьвету стануць штодзённымі прыладамі ў нашых дамох. Трэба толькі навучыцца імі карыстацца.
https://vitebskspring.org/news/roznae/item/2968-industryya-4-0-dasyagnula-vitsebsku-pakul-u-vyglyadze-lektsyi-pra-najnoushyya-tekhnaljogii#sigProId2274a43bd7
Уладзімер Бяляўскі