Панядзелак, 23 Сакавік 2026

Помнік ліквідатарам аварыі на ЧАЭС у Оршы паставяць не там, дзе планавалі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Рэдкі па нашых часах выпадак! Сцвярджаецца, што гэта было зроблена па просьбам гараджан. Бо  “у каментарах”  людзі пісалі, што іх не задавальняе раней вызначаная пляцоўка. Адно што каментары гэтыя былі не ў дзяржаўных СМІ, а ў так званых "апазіцыйных". Гараджане абураліся, чаму памятны знак   прыдумалі паставіць у скверыку каля грамадскай прыбіральні. 

Напачатку  аршанскім уладам спадабалася ідэя ўсталяваць памятны знак непадалёк ад пажарнай часткі. Але да грмадскай прыбіральні  меркаванае месца  было значна бліжэй ( менавіта яна - на праектным здымку) Цяпер адзіны на Віцебшчыне помнік ліквідатарам аварыі на ЧАЭС плануюць паставіць у гарадскім парку.

Пра неабходнасць помніка гаворка ішла апошнія гадоў трыццаць. З прапановамі выступалі непасрэдныя ўдзельнікі тых падзеяў, але іх не слухалі. Але летась здарылася нечаканае: на абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятываў была ўхвалена заяўка з Оршы. Гэтым разам “грамадская  ініцыятыва” сыходзіла ад  “депутата Оршанского райсовета Андрея Курятникова, ветеранов МЧС и МВД”. Ранейшыя прапановы сапраўдных ліквідатараў проста ігнараваліся.

Райвыканкам абвясціў конкурс, вызначыўшы патрабаванні да аўтараў: абавязковай мусіла стаць выява пажарнага на памятным знаку вышынёй 2,5 м., дата “26.04.1986”, слова "Чарнобыль", знак "Радыяцыя" і "элемент, які паказвае агонь". Усе гэтыя ўмовы выканаў скульптар Аляксей Яўсееў, малавядомы віцебскі скульптар, ураджэнец Гападка.

На ўвасабленне ініцыятарам з бюджэту было выдаткавана 36 тыс. руб. Гэта абсалютны мізер, калі параўнаць з выдаткамі на новую плошчу дзяржаўных сімвалаў з флагштокам за  больш чым 2 мільёны рублёў. Адкрыццё памятнага знака прымяркуюць да 30-годдзя аварыі на ЧАЭС.

Аляксандр Папоў