Чацвер, 10 Кастрычнік 2024

Паабяцалі – і не зрабілі. Жыхары вёскі Сітна так і не дачакаліся рамонта аўтобуснага прыпынка

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У сярэдзіне чэрвеня адбылася сустрэча насельніцтва Дабрамыслінскага сельсавета з прадстаўнікамі Лёзненскага райвыканкама, кіраўнікамі раённых службаў і арганізацый. Тамтэйшыя жыхары распавялі пра свае праблемы, і падчас пасяджэння ў сельсавеце быў складзены асобны пратакол даручэнняў, дзе былі ўказаны адказныя асобы і тэрміны выканання працы. Але частка з іх так і не выканана.

Да прыкладу, ДРБУ №107 мусіла да 3 ліпеня адрамантаваць прыпынак у вёсцы Сітна, але справа з месца не зрушылася. Мясцовыя жыхары звярнуліся да старшыні Лёзненскага райвыканкама, і нагадалі, што «крыша остановки продолжает протекать, нарушено ограждение, отсутствует твердое покрытие на месте остановки, что создает неудобства для жителей и ухудшает условия ожидания общественного транспорта». Людзі просяць хутчэй зрабіць рамонт, бо ўжо пачаліся восеньскія дажджы.

Паводле лёзненскай раённай газеты, у чэрвені чыноўнікі, дэпутаты і прадстаўнікі адказных службаў «побывали в каждом, даже самом маленьком и отдалённом, населённом пункте». Калі гэта было зроблена «для галачкі» - для справаздачы пра працу з мясцовым насельніцтвам, то і станоўчых вынікаў ад такой дзейнасці чакаць марна.

Між тым, праблем, на якія звярталі тады ўвагу вяскоўцы, было нямала: гэта і затрымка грошай за здадзенае малако, і перабоі з вадой, і стан дарог, і неабходнасць рамонтаў у шматкватэрных дамах. Артыкул у газеце «Сцяг перамогі», дзе распавядалася пра працу ў Дабрамыслінскім сельсавеце, сканчваецца аптымістычна: згадкай пра адрамантаваную водаразборную калонку ў вёсцы Высачаны. І высновамі пра тое, што «недаром встречи руководства района с населением по месту жительства называют индикатором качества работы местной власти. И если вопросы жизнеобеспечения решаются, значит, существует реальное взаимодействие». А калі не вырашаюцца?

Ігар Алфёраў