Серада, 28 Жнівень 2024

Інтэрнэт-рэсурсы Orsha.eu прызналі экстрэмісцкім фармаваннем

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

«Забаронена дзейнасць на тэрыторыі Беларусі групы грамадзян, аб'яднаных пад назвай «Orsha.eu» на ўсіх інтэрнэт платформах», — напісаў 28 ліпеня  Telegram-канал «Книга ГУ «База», не спасылаючыся на канкрэтнае рашэнне МУС. Паводле аўтараў канала, у «экстрэмісты» аршанскі партал і звязаныя з ім сацсеткі трапілі «за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразы службовых асоб».

Паводле беларускага заканадаўства асобы, якія перадаюць інфармацыю ўдзельнікам «экстрэмісцкага фармавання», могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Ёсць верагоднасць, што зараз сілавікі пачнуць шукаць тых, хто супрацоўнічае з парталам orsha.eu.

Сёлета 13 сакавіка Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да праваабаронцы і журналіста Ігара Казмерчака, рэдактара незалежнага партала. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэкса - паводле частак 1 і 2 арт. 361-4, а таксама паводле ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэкса. Казмярчак у 2021 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь, і спецвытворчасць прадугледжвае магчымасць судовага разбору ў адсутнасць падсуднага.

20 чэрвеня Міністэрства інфармацыі ўключыла ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў медыярэсурсы orsha.eu: уласна сайт, YouTube-канал «orshaeu» і шэраг старонак выдання ў сацыяльных сетках.

Тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, Ігар Казмярчак раіць адпісацца ад інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Рэдактар падкрэслівае, што без падпісак можна бяспечна чытаць Telegram-канал «Orsha.eu навiны пра Оршу» і глядзець YouTube-канал «orshaeu», але не варта нічога каментаваць і «лайкаць».

Міхаліна Гатоўская