З афіцыйнага вынікае, што заснавальніка сайта orsha.eu вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмізму»: у ягонай справе фігуруюць дзве часткі адпаведнага крымінальнага артыкула ( ч.1 арт. 361-4 - вярбоўка, іншае уцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці; ч.2 арт. 361-4 - тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо на пасадзе з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў). А яшчэ – у публічнай абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Што тычыцца апошняга абвінавачвання, то Ігар Казмярчак ведаў пра яго яшчэ з красавіка 2022 года: пра гэта яму паведаміла супрацоўніца Аршанскага аддзела СК, звязаўшыся з ім праз Тэлеграм. У лістападзе 2023г. праваабаронца даведаўся, што на ягоную аршанскую кватэру накладзены арышт – пра паведамілі з Віцебскай абласной агенцыі па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Адпаведную пастанову таксама вынес Аршанскі аддзел СК.
14 сакавіка 2024г. Казмярчак атрымаў спавяшчэнне ад Белаграпрамбанк, што на ягоных рахунках «аперацыі часова прыпынены» - інакш кажучы, яны таксама арыштаваныя. Гэтыя рахункі былі адчыненыя для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці: Ігар Казмярчак быў уласнікам «Цудоўнай крамы» у Оршы, дзе прадаваліся сувеніры, у тым ліку ў нацыянальным стылі. 20 ліпеня 2021 года ён быў вымушаны спыніць дзейнасць крамы пад ціскам сілавых структур.
26 лістапада 2021 года паводле распараджэння Віцебскай абласной пракуратуры сайт orsha.eu быў заблакаваны на тэрыторыі Беларусі.
Марыя Гурчанка