На знішчэнне дарослых дрэваў менавіта ў той частцы парка, дзе запланавана ўстаноўка флагштока, звярнуў увагу партал orsha.eu. Гэты ж інтэрнэт- рэсурс пісаў напрыканцы ліпеня пра тое, што Аршанскі райвыканкам абвясціў тэндэр на распрацоўку праекта для ўстаноўкі флагштока вышынёў ад 55 да 64,5 метраў. Праекціроўшчыкам гатовыя заплаціць каля 33 тысяч рублёў. Колькі будзе цалкам каштаваць бюджэту новы аб'ект гарадской інфраструктуры, ніхто не кажа.
Нагадаем, што падобная гісторыя ўжо была ў Віцебску. Спачатку гараджан спавясцілі, што ў горадзе жыццёва неабходны флагшток «дзеля выхаванню патрыятызму». А потым высветлілася, што апрача канструкцыі для вывешвання дзяржаўнага сцяга гарадскія ўлады вырашылі стварыць цэлую плошчу. І колькі ўсё гэта будзе каштаваць, таксама застаецца таямніцай.
Што да флагштока ў Оршы, то яго ахвярамі сталі не проста дрэвы, якіх і так няшмат у раённым цэнтры. Выглядае, што спілаваныя ліпы былі равесніцамі самога парка, які заклалалі вакол Кургана Славы з «вечным агнём» у 1966 годзе. Ліпы жывуць у сярэднім да 120 гадоў, а то і болей. Таму магчымыя апраўданні, што яны былі старыя і хворыя, проста беспадстаўныя. Парк, закладзены ў памяць пра герояў мінулай вайны, збіраюцца часткова знішчыць, але ідэолагі і тыя, хто крычыць пра «недапушчальнасць перапісвання гісторыі», чамусьці не пратэстуюць.
Вадзім Пярцоў