18 ліпеня ў фэйсбуку Максім Жукаў паведаміў, што нехта зь мясцовых жыхароў паскардзіўся на яго ў міліцыю і падатковую інспэкцыю.
Як патлумачыў “Віцебскай вясьне” прадпрымальнік, першым было тэлефанаваньне зь міліцыі. Яму паведамілі, што аўтары ліста скардзяцца на масавыя мерапрыемствы, якія Жукаў ладзіць нібыта незаконна. Між тым, у міліцыі добра ведаюць, што імпрэзы на сядзібе праводзяцца згодна з заканадаўствам. Самі міліцыянты бяруць у іх удзел, выконваючы функцыі па ахове парадку.
Пазьней патэлефанавалі з падатковай інспэкцыі, куды таксама была дасланая скарга. Сустракацца з прадстаўнікамі інспэкцыі Максім Жукаў адмовіўся, бо ў сваёй дзейнасьці не выходзіць за межы, прапісаныя ў статуце, які прадпрымальнік яшчэ на пачатку сваёй дзейнасьці перадаў у падатковую.
Максім Жукаў мяркуе, што скардзіліся на яго тыя людзі, чые сараі апынуліся на ягонай зямлі. Сараі пабудаваныя незаконна і ня маюць належнай дакумэнтацыі. Да таго ж – знаходзяцца ў прыродаахоўнай зоне.
Тры месяцы новы гаспадар намагаецца, каб незаконныя пабудовы былі зьнесеныя, але справа зь месца ня рухаецца. Каб вырашыць праблему, Максім Жукаў зьвяртаўся ў сельсавет, райвыканкам і аблвыканкам, але атрымаў адпіскі. На гэтым тыдні зьвярнуўся ў пракуратуру са скаргай на бязьдзейнасьць службовых асобаў у вырашэньні гэтага пытаньня.
“Атрымліваецца, што адміністрацыя Віцебскага раёну сваёй бязьдзейнасьцю стварае напружанасьць паміж мной, уласьнікам, і жыхарамі вёскі. Калі б райвыканкам ці сельсавет, як тое мае быць паводле заканадаўства, выпісаў прадпісаньне на знос незаконных пабудоваў, то ўсе прэтэнзіі былі б не да мяне, а да органаў улады. Сытуацыя непрыемная тым, што адцягвае ўвагу, адбірае час ад асноўнай працы”, – падсумоўвае Максім Жукаў.
Тым ня менш, 20 ліпеня ў Вялікіх Лётцах пройдзе чарговае культурніцкае мерапрыемства – “Батанік паці”, на якім выступяць гісторык Аркадзь Падліпскі, а таксама віцебскія музыкі Міхаіл Рубін, Эдзік Юдовін і “Восьмыдзень”.
С. Горкі