“Доктар-праўдаруб”, як яго называюць у Віцебску, просіць судовую калегію па крымінальных справах Віцебскага аблсуду адмяніць вынесены ў дачыненьні да яго прысуд, а справу накіраваць на перагляд у той жа суд у іншым складзе.
У скарзе Пастноў пералічвае шэраг падставаў, паводле якіх, на яго думку, прысуд падлягае адмене.
Суд ня высьветліў, каму належыць старонка “УКантакце”
У прыватнасьці кажа, што “абвінавачаньне не было пацьверджанае ніякімі фактычнымі доказамі, якія б наўпрост паказвалі на яго датычнасьць да зьдзяйсьненьня інкрымінаванага яму злачынства”. Зьвяртае ўвагу, што суд так і не зрабіў запыты ў адміністрацыі сацыяльнай сеткі “УКантакце”, каб спраўдзіць прыналежнасьць старонкі, зь якой распаўсюджваліся “заведама ілжывыя выдумкі”, датычныя пракурора Раманоўскага. Прыналежнасьць гэтай старонкі Пастнову засталася недаказаная.
У скарзе сьцьвярджаецца таксама, што “матэрыяламі справы не ўстаноўлена прамога намеру ў Пастнова зьдзейсьніць злачынства, паколькі зьвесткі ня былі заведама ілжывыя і былі распаўсюджаныя ў выніку добрасумленнай памылкі”.
“Закон гаворыць пра заведама ілжывыя выдумкі, калі ў абвінавачанага няма падставаў лічыць, што інфармацыя праўдзівая. Калі грамадзянін памыляўся наконт праўдзівасьці распаўсюджанай інфармацыі, мяркуючы, што атрымаў яе з крыніцы, якая заслугоўвае даверу, крымінальная адказнасьць выключаецца”, – гаворыцца ў апэляцыйнай скарзе.
Адмовіў у правядзеньні экспэртызаў
У апэляцыі пералічваюцца шматлікія парушэньне КПК РБ, якія былі дапушчаныя падчас судовага паседжаньня.
Зазначаецца, што “суд незаконна і беспадстаўна адхіліў хадайніцтвы Пастнова аб правядзеньні шэрагу экспэртызаў, у тым ліку – лінгвістычнай”. У суд не былі выкліканыя і дапытаныя ўсе 22 заяўленыя сьведкі, ня быў апытаны і яшчэ адзін абвінавачаны ў паклёпе на пракурора Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард (іх справы былі разьдзеленыя).
Як аказалася, Пастноў быў выдалены з пасяджэньня, якое папярэднічала абвяшчэньню прысуду (суд праходзіў у закрытым рэжыме). Таму ў скарзе кажа, што, “у адпаведнасьці ч.1 арт. 391 КПК, прысуд падлягае адмене ў любым выпадку, калі крымінальная справа разглядалася ў адсутнасьць абвінавачанага”. Піша, што праз гэта быў пазбаўлены судовай абароны ў частцы апытаньня пацярпелага і сьведак, права даваць паказаньні па справе, выступаць у судовых спрэчках і права на апошняе слова.
“Пазначаныя парушэньні ёсьць істотнымі і цягнуць за сабой адмену прысуду”, – сьцьвярджае ў апэляцыі Пастноў.
“Трэба адмяніць прысуд і на той падставе, што прызначанае пакараньне судом першай інстанцыі не адпавядае цяжкасьці злачынства і асобе абвінавачанага”, – гаворыцца ў апэляцыйнай скарзе.
Пастноў: Нічога добрага не чакаю, рэчы ўжо сабраў…
Сам “доктар-праўдаруб” Ігар Пастноў прызнаўся ў тэлефоннай размове, што доўга думаў, ці пісаць наогул апэляцыйную скаргу. Вырашыў напісаць, але толькі дзеля таго, каб выйграць трошкі часу.
“Шчыра лічу, што прысуд застанецца ў сіле. Бо ўпэўнены, што ён пісаўся ў кабінэце Сушчынскага (пракурор Віцебскай вобласьці - ВВ), а рэдагаваўся ў кабінэце старшыні абласнога суду. Таму нічога добрага ад гэтага не чакаю, ужо падрыхтаваўся і сабраў рэчы”, – сказаў Ігар Пастноў.
“Але я і задаволены. Бо калі раней хтосьці казаў, што ўсё гэта – мае хворыя фантазіі, то зараз многія пабачылі сапраўдны твар нашай Фэміды. Я задаволены, і я перамог. Пры любым выніку”, – дадаў.
Паведаміў таксама, што ў Віцебскі абласны суд былі накіраваныя некалькі апэляцыйных скаргаў на вырак суду Бешанковіцкага раёну, у тым ліку – ад імя адваката.
Калі адбудзецца разгляд апэляцыйнай скаргі па справе Пастнова – пакуль невядома. Сочым за падзеямі.
Зьміцер Міраш