Пра падзеі 1990 году адстаўны палкоўнік, які цяпер жыве ў пасёлку Коханава, што ў Талачынскім раёне, распавёў расейскаму відэаканалу «Нейромир-ТВ»:
«Мы выходзім з габінэту. У ліфт. Гарбачоў і я сьпяшаемся разам на паседжаньне Вярхоўнага Савету. У мяне ёсьць усе падставы адправіць на той сьвет Гарбачова. У мяне ёсьць магчымасьць, балазе ў дыплямаце ляжаць гранаты РГ і ўзрывальнікі. Я зайшоў у прыбіральню, я пакруціў, я прылучыў, я ўзважыў. Я збаяўся. Калі б я не збаяўся, я ня думаю, што гісторыя павярнулася б па-іншаму, але ў замкнёнай прасторы, у ліфце, адправіць на той сьвет Гарбачова ў мяне магчымасьць была. І намеры былі. Але я збаяўся».
Палкоўнік Мікалай Петрушэнка стаў народным дэпутатам СССР ад Ленінагорскай тэрытарыяльнай выбарчай акругі №622 Усходне-Казахстанскай вобласьці ў 1989 годзе. Зьяўляўся адным з кіраўнікоў дэпутацкай групы «Саюз», якая ў жніўні 1991-га падтрымала спробу ГКЧП адхіліць прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова ад улады. У сярэдзіне 1990-х пераехаў з Казахстана ў Беларусь.
Кастусь Дзьвінскі