Мікола Конан быў вязьнем ГУЛАГу шэсьць год. Падчас знаходжаньня ў лягеры быў удзельнікам вядомага Нарыльскага паўстаньня ў 1953 годзе. Гэта было самае працяглае і масавае выступленьне вязьняў у гісторыі ГУЛАГу. Хваляваньні адбываліся ва ўсіх шасьці лягерах. У паўстаньні ўдзельнічалі каля 30 тысяч чалавек, практычна ўсе катэгорыі зьняволеных.
З журналістамі прыехаў і мастак з Шаркоўшчыны Віктар Крук. У той час, як журналісты размаўлялі зь Міколам Конанам, ён рабіў накіды яго партрэту. Партрэт павінен быць гатовы да дня народзінаў былога вязьня ГУЛАГу, які спадар Мікола будзе адзначаць у кастрычніку.
Мікола Конан распавёў журналістам і пра тое, чаму ў дзяцінстве ім з братам далі мянушкі “беларусікі”. Паводле словаў мужчыны, пачатковую адукацыю ён атрымаў у польскай школе, што знаходзілася ў роднай вёсцы Лужкі. Нягледзячы на моцны польскі ўплыў, дзякуючы бацькам ён з братам адчуваў подых беларускасьці. У той час, як у школе гучала толькі польская мова, дома бацька вучыў сыноў роднай. Зь вяскоўцамі бацька таксама намагаўся гаварыць толькі па-беларуску. Таму дарослых Конанаў у Лужках па-вулічнаму клікалі беларусамі, а малых, адпаведна, беларусікамі.
Паводле Міколы Конана, пасьля вызваленьня з ГУЛАГу ў верасьні 1954 году ён накіраваўся ў Беларусь. Але сутыкнуўся там з адмоўным стаўленьнем да сябе з боку мясцовай адміністрацыі і ня змог уладкавацца на годную працу (да зьняволеньня ён працаваў настаўнікам у вёсцы Залесьсе Глыбоцкага раёну). Таму мужчына разам зь сябрам Іванам Бабічам вымушаны быў зьехаць у Інту, дзе ўладкаваўся на працу шахцёрам. Толькі па выхадзе на пэнсію Мікола Конан вярнуўся ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства, у родную вёску Лужкі.
Спадар Мікола быў рэабілітаваны ў 1993 годзе, працэс рэабілітацыі цягнуўся аж два гады. Пасьля ён займаўся і творчасьцю: пісаў вершы,браў удзел у напісаньні ўспамінаў да кнігі “Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў”.
Цяпер, на жаль, пасьля інсульту спадар Мікола ўжо ня піша, бо яму складана трымаць у рукох асадку. Пасьля хваробы яму цяжка даецца і гаворка. Нягледзячы на гэта, спадар Мікола Конан гасьцінна сустрэў журналістаў і грамадзкіх актывістаў, якія яго наведалі з дарункамі. Сустрэча зь беларускім патрыётам скончылася чаяваньнем за агульным сталом.
https://vitebskspring.org/news/roznae/item/2468-glybotskiya-zhurnalisty-navedali-byloga-vyaznya-gulagu-mikolu-konana#sigProId60bd0c0b16