Стала вядома, хто канкрэтна будзе працаваць у раённых камісіях па каардынацыі працы па спрыяньні занятасьці насельніцтва. Сьпісы сябраў камісій “па дармаедах” Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў Віцебску апублікаваныя нядаўна на сайце гарвыканкаму. Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну інфармацыяй пакуль ня дзеліцца.

У Менску 28 ліпеня адбыўся XII зьезд Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Старшынём СПБ  на альтэрнатыўнай аснове быў абраны Мікола Шарах, які раней зьяўляўся намесьнікам старшыні СПБ па Віцебскай вобласьці.

Судовыя выканаўцы 18 ліпеня арыштавалі частку маёмасьці Свабоднага прафсаюзу Беларускага з офіса першаснай арганізацыі працоўных заводу “Полацак-Шкловалакно”. Патрабаваньні да прафсаюзу выстаўленыя адміністрацыяй прадпрыемства і зьвязаныя зь вяртаньнем судовай пошліны за разгляд справы пра забарону страйку. Арыштаваная і забраная маёмасьць ацэненая ў 85 рублёў.

Паводле дакладу “Сацыяльна-эканамічнае становішча Віцебскай вобласьці ў студзені-траўні 2018 году”, толькі ў красавіку гэтага году колькасьць звольненых працаўнікоў дасягнула 8 тыс. 390 чалавек. Гэта на дзьве тысячы чалавек больш, чым уладкаваных на працу.

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў зьвярнуўся ў адміністрацыю Першамайскага раёну Віцебску с просьбай уключыць яго ў склад камісіі па спрыяньні занятасьці насельніцтва. На днях атрымаў афіцыйную адмову: “Задаволіць просьбу аб уступленьні ў камісію не ўяўляецца магчымым…”. Бо камісія ўжо створаная, склад зацьверджаны.