Панядзелак, 02 Верасень 2019

Свабодны прафсаюз Беларускі аштрафавалі на 255 рублёў. За што?..

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Падчас суду над прафсаюзам Падчас суду над прафсаюзам

Эканамічны суд Віцебскай вобласьці 28 жніўня пастанавіў аштрафаваць Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) на 10 базавых велічынь за невыкананьне рашэньня гэтага ж суду аб вызваленьні памяшканьня прафсаюзнага офісу на прадпрыемстве “Полацак-Шкловалакно”.

Дамова аб арэндзе памяшканьня, якое належыць ААТ “Полацак-Шкловалакно”, скончылася ў лістападзе 2018 году. Аднак у памяшканьні засталася маёмасьць, якая належыць першаснай арганізацыі СПБ працоўных заводу. І доступу да яго сябры пяршоўкі ня мелі.

Эканамічны суд Віцебскай вобласьці яшчэ ў лютым 2019 году прыняў рашэньне абавязаць СПБ вызваліць памяшканьне. У красавіку Полацкі аддзел прымусовага выкананьня (АПВ) зафіксаваў выкананьне рашэньня суду. Але прадпрыемства “Полацак-Шкловалакно” абскардзіла выкананьне судовага загаду, бо ў памяшканьні заставалася маёмасьць, якая не належыць СПБ, а зьяўляецца ўласнасьцю іншай юрыдычнай асобы – пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу.

Полацкі аддзел прымусовага выкананьня адмяніў сваё колішняе рашэньне і зноўку абавязаў прафсаюз вызваліць памяшканьне. 12 жніўня быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні (“невыкананьне рашэньня суду”), за якое прадугледжваецца пакараньне ў выглядзе штрафу памерам да 500 базавых велічынь (для юрыдычных асобаў).

На паседжаньні эканамічнага суду 28 жніўня высьветлілася, што СПБ ня быў праінфармаваны аб працэдуры перагляду выкананага рашэньня суду, таму што дакумэнты адпраўляліся судовымі выканаўцамі на няправільны юрыдычны адрас СПБ. Аказалася, няправільны адрас СПБ зафіксаваны і ў рэестры Мінюсту.

Тым ня менш, эканамічны суд Віцебскай вобласьці (судзьдзя Анатоль Гурэеў) пастанавіў аштрафаваць Свабодны прафсаюз на 10 базавых велічынь.

“Эканамічны суд лічыць, што, таму як юрыдычнай асобай было ўчыненае адміністрацыйнае правапарушэньне, з улікам яго зьдзяйсьненьня ўпершыню і адсутнасьці абцяжваючых акалічнасьцяў, на юрыдычную асобу “Свабодны прафсаюз Беларускі” неабходна накласьці адміністрацыйны штраф у памеры 10 базавых велічынь, што складае 255 рублёў”, – гаворыцца ў пастанове суду.

СПБ абскардзіць рашэньне эканамічнага суду

“У апошнія гады дзяржорганы чыняць розныя дзеяньні, накіраваныя на разбурэньне “Свабоднага прафсаюзу”: пазбавілі офісу пяршоўку СПБ у Полацку, заводзяць крымінальныя справы і штрафуюць прафсаюзных актывістаў, пішуць ад імя невядомых аўтараў паклёпніцкія пасты ў сацыяльных сетках і г.д. Аднак прафсаюз працягвае дзейнічаць – і дзяржорганы ўжо ня ведаюць, што б такое зрабіць яшчэ, каб закрыць СПБ”, – кажа старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах.

Прафсаюзныя актывісты першаснай арганізацыі СПБ на прадпрыемстве “Полацак-Шкловалакно” мяркуюць, што рашэньне эканамічнага суду неправамернае ад самага пачатку. Эканамічны суд ня мог разглядаць спрэчку паміж прафсаюзам і наймальнікам “Полацак-Шкловалакно” аб арэндзе памяшканьня пад офіс прафсаюзу, бо гэта ня мае дачыненьня да гаспадарча-эканамічнай дзейнасьці. Дадзеныя юрыдычныя адносіны надведамасныя працоўнаму арбітражу, але інстытут працоўнага арбітражу ў Беларусі практычна разбураны зьменамі, якія былі ўнесеныя ў Працоўны кодэкс.

Рашэньне эканамічнага суду аб штрафе будзе абскарджаны ў Вярхоўным судзе.

 

Аляксандар Марозаў