Панядзелак, 29 Красавік 2019

Полацак: чаму не атрымалася выселіць Свабодны прафсаюз і каму гэта трэба

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Мікола Шарах і судовы выканаўца ў офісе СПБ Мікола Шарах і судовы выканаўца ў офісе СПБ

Судовы выканаўца Полацкага аддзелу прымусовага выкананьня Антон Лашкевіч 18 красавіка забараніў Свабоднаму прафсаюзу Беларускаму (СПБ) карыстацца офісам у Полацку – згодна з рашэньнем абласнога эканамічнага суду. Аднак маёмасьць першаснай арганізацыі СПБ працаўнікоў ААТ “Полацак-Шкловалакно” засталася ў офісе, бо ў рашэньні суду яна ніяк ня згадваецца.

Як расказалі прафсаюзныя актывісты, пяршоўка СПБ працаўнікоў “Полацак-Шкловалакно” мае статус самастойнай юрыдычнай асобы, гэтак яе зарэгістравалі мясцовыя ўлады. Умова аб арэндзе складалася на падставе пагадненьня ад 2009 году, якое падпісалі дырэктар і старшыня пяршоўкі СПБ. Адміністрацыя заводу вырашыла заключыць умову арэнды памяшканьня не зь пяршоўкай СПБ, а з цэнтральным рэспубліканскім СПБ у Менску. У дагаворы пазначана, што памяшканьне арандуецца для статутнай дзейнасьці першаснай арганізацыі СПБ працаўнікоў прадпрыемства “Полацак-Шкловалакно”. Умова складалася на тры гады і ўжо двойчы працягвалася адміністрацыяй (2012 і 2015 гг.).

У кастрычніку 2018 гаду новы дырэктар вырашыў не працягваць дагавор арэнды з СПБ і падаў пазоў у эканамічны суд з патрабаваньнем выселіць прафсаюз як гаспадарчы суб'ект. Між тым, полацкі СПБ патрабаваў працягу ўмовы арэнды і заяўляў аб тым, што эканамічны суд ня мае кампэтэнцыі вырашаць спрэчкі паміж працадаўцам і прафсаюзамі. Паводле заканадаўства такія спрэчкі вырашаюцца ў Працоўным арбітражы.

Тым ня менш, суд не ўзяў пад увагу довады прафсаюзу і прыняў рашэньне забараніць СПБ карыстацца памяшканьнем. Аб маёмасьці пяршоўкі суд у сваім рашэньні наогул ня згадвае.

На думку старшыні СПБ Міколы Шараха, прычына высяленьня СПБ не зьвязаная са сканчэньнем умовы аб арэндзе памяшканьня. У прафсаюзаў існуе практыка арэнды памяшканьняў у працадаўцаў на бязвыплатнай аснове. Дзяржаўны працадаўца ставіць задачу зьнішчыць прафсаюз як арганізацыйную структуру. Спачатку пазбавіць офісу, потым – юрыдычнага адрасу, а пасьля паспрабуе пазбавіць пяршоўку СПБ дзяржрэгістрацыі, такое ўжо было ў практыцы полацкага прафсаюзу.

“Гэтым разам прафсаюз выселіць не атрымалася, таму што працадаўца ставіцца да яго як да гаспадарчага суб'екту. Але ж прафсаюз мае прынцыпова іншую арганізацыйную структуру, зацьверджаную Статутам СПБ: працаўнікі кіруюць першаснай арганізацыяй прафсаюзу, а праз пяршоўкі – вышэйшымі органамі прафсаюзу. Чыноўнікі і працадаўца зусім не разумеюць міжнародны стандарт, устаноўлены Канвэнцыяй № 87 Міжнароднай арганізацыі працы, калі рабочыя самі вызначаюць правілы працы сваёй арганізацыі, – сказаў Мікалай Шарах.

На сёньня маёмасьць першаснай арганізацыі СПБ – дакумэнты, аргтэхніка, мэбля – знаходзіцца ў офісе, доступ куды для рабочых зачынены адміністрацыяй ААТ “Полацак-Шкловалакно”. Гэтыя абставіны ўскладнілі, але не спынілі дзейнасьць прафсаюзу.

“Для штомесячных пасяджэньняў кіроўнага органу першаснай арганізацыі СПБ мы выкарыстоўваем іншыя пляцоўкі”, – паведаміў прадстаўнік першаснай арганізацыі Віктар Стукаў.

Аляксандар Марозаў

Залагініцца каб дадаць камэнтары