Натальля Гуйвік паведаміла, што прапановы, накіраваныя старшынём СПБ Міколам Шарахам “аб унясеньні дапаўненьня ў артыкул 1 праекту Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пэрсанальных дадзеных” у частцы карэкціроўкі тэрміну “спэцыяльныя пэрсанальныя дадзеныя”, разгледжаныя на паседжаньні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы і ўлічаныя”.
Такім чынам, цяпер у праекце закону “спэцыяльныя пэрсанальныя дадзеныя” вызначаюцца як “пэрсанальныя дадзеныя, якія тычацца расавай альбо нацыянальнай прыналежнасьці, палітычных поглядаў, сяброўства ў прафэсійных саюзах, рэлігійных альбо іншых перакананьняў, здароўя альбо полавага жыцьця, прыцягненьня да адміністрацыйнай альбо крымінальнай адказнасьці, а таксама біямэтрычныя і генэтычныя пэрсанальныя дадзеныя”.
У першапачатковым тэксьце праекту сяброўства ў прафсаюзе да спэцыяльных пэрсанальных дадзеных не адносілася.
“Трэба выкарыстоўваць тыя магчымасьці для ўплыву на ўладу, якія нам дадзеныя заканадаўствам. Каб законы прымаліся з улікам інтарэсаў грамадзян Беларусі”, – кажа старшыня СПБ Мікола Шарах.
Прапановы ў Палату прадстаўнікоў былі накіраваныя ў сувязі з тым, што кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў патрабуюць ад прафсаюзаў падаваць ім пэрсанальныя зьвесткі аб сябрах прафсаюзу, сьпісы сябраў. Калі закон аб пэрсанальных дадзеных будзе прыняты, ён будзе бараніць інфармацыю аб сябрах прафсаюзаў. У выпадку ж прычыненьня працаўніку шкоды з прычыны яго сяброўства ў прафсаюзе, працоўны можа праз суд дамагацца ад працадаўцы яе кампэнсацыі.
“Маральная шкода, прычыненая суб'екту пэрсанальных дадзеных з прычыны парушэньня яго правоў, устаноўленых гэтым Законам, падлягае кампэнсацыi”, – гаворыцца ў праекце “Закону аб пэрсанальных дадзеных”.
Але гэта пакуль што толькі праект. Якім будзе канчатковы тэкст закону і якім чынам ён будзе прымяняцца на практыцы, пакажа час.
Аляксандар Марозаў