Тэлефануюць прафсаюзным актывістам, дасылаюць пісьмовыя запыты на імя старшыні СПБ і сябраў прафсаюзу, запрашаюць у інспэкцыю для правядзеньня апытаньня – гэтак цяпер дзейнічаюць падаткавікі.
Сьпісы сябраў падаваць адмовіліся
Першая намесьніца начальніка інспэкцыі МПЗ па Полацкім раёне Іна Акулінічава 10 верасьня даслала пісьмовы запыт старшыні СПБ Мікалаю Шараху з патрабаваньнем падаць ёй інфармацыю аб службовых асобах (старшыні і скарбніку) першаснай арганізацыю СПБ на заводзе “Полацак-Шкловалакно” з указаньнем пэрыядаў ажыцьцяўленьня паўнамоцтваў.
Падаткавікі таксама прагнуць даведацца пра “фактычнае месца знаходжаньня першаснай арганізацыі”.
Старшыня СПБ адказаў, што першасная арганізацыя працаўнікоў ААТ “Полацак-Шкловалакно” Свабоднага прафсаюзу Беларускага “... ня лічыць магчымым падаць інфармацыю пра сябраў прафсаюзу ў дзяржаўныя органы на падставе адсутнасьці гарантыяў, што яны ня будуць перасьледавацца адміністрацыяй прадпрыемства за сяброўства ў прафсаюзе”.
Што да фактычнага знаходжаньня пяршоўкі СПБ, то падатковую паінфармавалі, што “з прычыны заканчэньня дамовы аб арэндзе пяршоўка знаходзіцца ў працэсе перамоваў і пошуку юрыдычнага адрасу”.
Між тым, такі ж самы пісьмовы запыт ад інспэктаркі Акулінічавай атрымаў на свой хатні адрас і актывіст СПБ Віктару Стукаў. У адказ ён запэўніў падатковую, што “па гэтым адрасе першасная арганізацыя не разьмяшчаецца”, таму “ня мае ніякай магчымасьці падаць запытаную інфармацыю”. А каб яшчэ больш глыбока паінфармаваць інспэкцыю прыклаў да адказу 68-старонкавую навуковую працу “Незалежныя дэмакратычныя прафсаюзы Беларусі – лякаматыў сацыяльных пераўтварэньняў”.
Запрасілі “для дачы тлумачэньняў”
Але на гэтым інспэкцыя не супакоiлася. Віктар Стукаў быў пісьмова запрошаны 24 верасьня ў Полацкую інспэкцыю МПЗ “для дачы тлумачэньняў па пытаньні фактычнага месцазнаходжаньня першаснай арганізацыі”.
Начальнік аддзела ўліку арганізацый МПЗ па Полацкім раёне Тацяна Кісьлякова, якая праводзіла апытаньне пад пратакол, атрымала тую ж інфармацыю. Ёй было патлумачана, што паведамляць пасады сябраў пяршоўкі прафсаюзу ў дзяржорганы забаронена ў адпаведнасьці са Статутам СПБ, а юрыдычны адрас першаснай арганізацыі СПБ застаецца пакуль што ранейшым, які і пазначаны ў пасьведчаньні аб рэгістрацыі ў мясцовым органе ўлады.
Прозьвішчы не разгалошваюцца дзеля бясьпекі
У 2017 годзе на справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі першаснай арганізацыі СПБ працоўных заводу “Полацак-Шкловалакно” былі абраныя кіраўнічыя органы і старшыня пяршоўкі. Адначасова з гэтым было прынятае рашэньне, датычнае бясьпекі сябраў прафсаюзу: не разгалошваць прозьвішчы сябраў Рады першаснай арганізацыі і яго старшыні.
Актывісты прафсаюзу лічаць гэта законным, бо ў заканадаўстве ёсьць норма найвышэйшай сілы (зь мiжнароднай дамовы), якая сьцьвярджае, што прафсаюз дзейнічае на падставе свайго статуту, а ўмяшаньне дзяржорганаў у дзейнасьць прафсаюзу забароненая.
Гэта рашэньне выглядае цалкам лягічным яшчэ і таму, што актывісты пяршоўкі СПБ ад 2016 году ўжо пяць разоў штрафаваліся, старшыня затрымліваўся і правёў тры дні ў ІЧУ, арганізацыя зазнала ператрус у сваім офісе, у яе адбіралася абсталяваньне.
Усё гэта факты парушэньня міжнароднай дамовы Канвэнцыі МАП №87 аб абароне права на аб'яднаньне ў прафсаюз, пра што ўрад мусіць сёлета даць справаздачу перад Міжнароднай арганізацыяй працы.
Аляксандар Марозаў