Інцыдэнт адбыўся 19 ліпеня. У гэты дзень старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Мікола Шарах меў сустрэчу з дырэктарам прадпрыемства Алегам Курыліным. Але на прахадной заводу прафсаюзных лідэраў сустрэў начальнік аховы і вырваў інфармацыйны лісток з рук актывіста Віктара Стукава, калі той хацеў разьмясьціць яго на стэндзе. Ахоўнік не назваўся і патлумачыў, што актывісты ня маюць права разьмяшчаць свае аб’явы на стэндзе.
Актывісты кажуць, што такога парушэньня правоў працоўных колішнія начальнікі не дапускалі. Раней дзейнічала вусная дамоўленасьць паміж прафсаюзам і адміністрацыяй аб тым, што адна ячэйка на стэндзе для грамадзкіх арганізацыяў будзе выкарыстоўвацца СПБ.
Праблемы з разьмяшчэньнем інфармацыі былі і тады, але колішняя адміністрацыя даставала прафсаюзныя ўлёткі ўпотай, калі на прахадной нікога не было, і ня дзейнічала так нахабна. У 2017 годзе адміністрацыя заводу скардзілася міністру інфармацыі, што інфармацыйная дзейнасьць СПБ нібыта “дэстабілізуе працоўныя адносіны” на прадпрыемстве.
“Такім чынам сьведчым, што нахабнасьць адміністрацыі заводу ўсё ўзрастае. Мяркуем, што гэтая неадэкватнасьць будзе павялічвацца, пакуль не атрымае адпаведны адпор ад працаўнікоў заводу”, – кажуць актывісты СПБ.
Адзначым, што падчас сустрэчы са старшынём СПБ гендырэктар “Полацак-Шкловалакно” Алег Курылін паабяцаў разабрацца з сытуацыяй цягам тыдня. Кіраўнік прадпрыемства заявіў таксама, што на заводзе ніякім чынам не парушаецца канвэнцыя Міжнароднай арганізацыі працы.
“Прафсаюз СПБ чакае безумоўнага і неадкладнага аднаўленьня правоў прафсаюзу на свабодны распаўсюд інфармацыі аб сваёй дзейнасьці”, – гаворыцца ў паведамленьні на афіцыйным сайце Свабоднага прафсаюзу.