Адміністрацыя ААТ «Полацак-Шкловалакно» паслала на прыём да міністра старшыню дырэктарскага прафсаюзнага камітэту БХП Тацяну Гураву. Старшыня пяршоўкі Белхімпрафсаюзу Гурава задала міністру пытаньне: «Ці можна фільтраваць інфармацыю, якая разьмяшчаецца на інтэрнэт-рэсурсах актывістамі Свабоднага прафсаюзу Беларускага пра завод "Шкловалакно"?»!!!
Міністар інфармацыі Лілія Ананіч патлумачыла Тацяне Гуравай аб правах грамадзян на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі: «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму грамадзяніну магчымасьць свабоднага выказваньня меркаваньня», - сказала міністар інфармацыі Ананіч. Міністар параіла адміністрацыі заводу зьвярнуцца ў міністэрства з канкрэтнымі матэрыяламі, якія, на думку дырэкцыі заводу, падрываюць дзелавую рэпутацыю прадпрыемства. Як варыянт, можна абараняць дзелавую рэпутацыю ААТ «Полацак-Шкловалакно» ў судовым парадку.
Замест абсурднай фільтрацыі інфармацыі Свабоднага прафсаюзу міністар прапанавала адміністрацыі заводу дбаць пра самастойнае фармаваньне інфармацыйнай павесткі: «Калі вы бачыце, што несправядліва падаецца інфармацыя ў адрас прадпрыемства, то трэба адказваць контраргумэнтам на контраргумэнт».
Адміністрацыя заводу мае вялікую перавагу ў інфармацыйных рэсурсах перад Свабодным прафсаюзам рабочых заводу. Дырэкцыя «ААТ Полацак-Шкловалакно» мае свой сайт і друкаванае выданьне - газэту «Трудовая смена», што выходзіць раз на тыдзень з накладам больш за 2000 асобнікаў на 4 тысячы работнікаў.
У той час як Свабодны прафсаюз мае старонку ў сацыяльных сетках, супрацоўнічае зь мясцовым сайтам і зрэдку (2-4 разы на год) выпускае друкаваны прафсаюзны бюлетэнь «Стекляшка». Тым не менш наймальнік са сваім Белхімпрафсаюзам прайграе Свабоднаму прафсаюзу на інфармацыйным полі і просіць дапамогі ў дзяржаўнага чыноўніка.
Старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіл Кавалькоў: «Белхімпрафсаюз і адміністрацыя заводу "Шкловалакно" спрабуе схаваць ад працоўных інфармацыю пра парушэньне імі Генэральнага пагадненьня аб калектыўных перамовах. Свабодны прафсаюз ужо паўгода не дапускаюць на паседжаньні камісіі па заключэньні заводзкай калектыўнай дамовы. Скарга міністру сьведчыць пра добрую інфармацыйную работу СПБ сярод працоўных заводу, адміністрацыі не ўдаецца схаваць праўду. Дырэктар заводу не паказаў ніводнага факту непраўдзівай інфармацыі, што распаўсюджваецца інфармацыйнай групай Свабоднага прафсаюзу».
Аляксандар Марозаў