Юрысты заводу вырабілі незаконнае выплатнае патрабаваньне, у якім падмянілі банкаўскі рахунак даўжнiка. На падставе судовага загаду эканамічнага суду, дзе даўжніком названы Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), завод указаў іншую юрыдычную асобу – першасную арганізацыю работнікаў ААТ Полацак-Шкловалакно СПБ. Такім чынам з рахунку пяршоўкі СПБ у “БПС-Ашчадбанку” цягам месяца сьпісваліся грашовыя сродкі, якія паступалі ў якасьці прафсаюзных складак. Аднак, паводле статуту прафсаюзу, першасныя арганізацыі СПБ не адказваюць па абавязках цэнтральнага офісу СПБ.
Як расказалі прафсаюзныя актывісты, пасьля рашэньня Віцебскага эканамічнага суду 29 студзеня 2019 году аб высяленьні з офісу Свабоднага прафсаюзу Беларускага і выплаты 490 рублёў судовай пошліны СПБ прыняў рашэньне абскардзіць судовую пастанову ў адміністрацыйным парадку ў Генпракуратуру. Свабодны прафсаюз не прызнае Эканамічны суд упаўнаважаным органам для разгляду спрэчкі паміж прафсаюзам працоўных і адміністрацыяй заводу. Аднак пракуратура належным чынам не адрэагавала.
Прафсаюз СПБ сабраў неабходную суму (490 рублёў) і 26 сакавіка выплаціў кампэнсацыю заводу “Шкловалакно” па рашэньні суду аб вяртаньні судовай пошліны. Тым ня менш, у пэрыяд ад 28 сакавіка да 30 красавіка з рахункаў заводзкай пяршоўкі СПБ было сьпісана 129,30 рублёў.
Прафсаюз заўважыў крадзеж грошай толькі 2 траўня, а ўжо 3 траўня была выстаўленая прэтэнзія да заводу. Грошы прафсаюзу вярнулі праз тыдзень, 11 траўня, пасьля накіраваньня скаргі ў пракуратуру аб перашкодзе дзейнасьці прафсаюзу з боку ААТ “Полацак-Шкловалакно”.
“Лічу, што гэты факт не выпадковы, што гэта чарговыя дзеяньні дзяржавы і яе агентаў, накіраваныя на зьнішчэньне свабоднага прафсаюзнага руху ў Рэспубліцы Беларусь”, – сказаў старшыня рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах.
“Мы расцэньваем гэта як крадзеж грошай прафсаюзу махлярскім чынам. Калі гэта не сьвядомае махлярства, то тады прафэсійная некампэтэнтнасць адразу групы людзей: заводзкіх юрыстаў, якія вырабілі “ліпавае” аплатнае патрабаваньне; бухгальтараў заводу, якія не паведамілі аб звароце прафсаюзам судовай пошліны; банкаўскіх работнікаў, якія не праверылі, ці супадаюць даўжнiкі ў плацежным патрабаваньні і ў судовым загадзе суду”, – выказаў сваё меркаваньне прафсаюзны актывіст Віктар.
У скарзе ў полацкую пракуратуру прафсаюз рабочых ААТ “Полацак-Шкловалакно” просіць прыцягнуць службовых асобаў прадпрыемства да адказнасьці за махлярства з крадзяжом грашовых сродкаў з банкаўскага рахунку прафсаюзу пры дапамозе махінацыі з судовым загадам.
Заводзкая юрыстка паведаміла, што яны памыліліся з рахункам, таму што паставіліся да прафсаюзу як да эканамічнага суб'екту. Ня быў улічаны той факт, што ў прафсаюзе СПБ структурныя падразьдзяленьні не адказваюць па абавязках усяго прафсаюзу.
Аляксандр Марозаў