Пятніца, 24 Май 2019

Жыхароў Полацку вярбуюць зьбіраць камяні ў Расеі. Абяцалі $700 – перавялі $80

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Фота: TUT.BY. Выкарыстоўваецца як ілюстрацыя Фота: TUT.BY. Выкарыстоўваецца як ілюстрацыя

У Полацку і Наваполацку беларусаў запрашаюць на працу ў Расею. Аб’явы з вакансіямі вісяць на прыпынках і слупах, а таксама распаўсюджваюцца праз сацсеткі. Людзям прапаноўваюць зьбіраць камяні на палях Ленінградзкай вобласьці. Тым, хто пагодзіцца, абяцаюць аванс, спэцвопратку і харчаваньне, паведамляе Эўрарадыё.

Тэлефануем па нумары на аб’яве.

“Колькі гадоў, вы адзін? – цікавіцца суразмоўца. – Магу прапанаваць лепшы варыянт недалёка ад Цьвяры. Там мясакамбінат, вытворчасьць кілбасы. На палях 1000 рублёў (расейскіх – Эўрарадыё) зьмена, а на камбінаце – 1200. У Цьвяры ўмовы пражываньня крыху лепшыя. Глядзіце самі, месцы пакуль і там, і там ёсьць.

Праца з 8 раніцы да 20:00 з перапынкам на абед, 6 дзён на тыдзень. У нядзелю можаце таксама выходзіць, па жаданьні. Калі вахту дапрацуеце, дык каля 38 тысяч можна зарабіць (каля $590. Эўрарадыё). Хто вахту адпрацоўвае добрасумленна, з тых грошы за дарогу не вылічваем”.

Фота: euroradio.by

– А чаму можна не дапрацаваць?

Не дапрацоўваюць, бо некаторыя пачынаюць піць. Праз алькаголь не выходзяць на працу.  

У размове высьвятляем, што на працу ў Расею ўладкоўвае кадравае агенцтва. Паслуга каштуе “рэкруту” 30 рублёў, а фірма мае ліцэнзію, запэўнівае суразмоўца.

“Засялілі ў інтэрнат. Гэта быў жах!”

На першы погляд, умовы ня самыя горшыя. Зарабіць такія ж грошы, застаўшыся ў Полацку, няпроста. Але ці ўсё, што абяцае расейскі працадаўца, праўда?

Эўрарадыё знайшло жыхара Віцебскай вобласьці Аляксандра, які спакусіўся на працу ў Расеі па падобнай абвестцы. Хлопец вытрымаў у Падмаскоўі 45 дзён.

“У Падмаскоўі жылі і працавалі, – распавядае Еўрарадыё Аляксандар. – Заробак абяцалі 45 тысяч расейскіх (амаль $700. – Еўрарадыё) за вахту. Пасьля прыезду нас засялілі ў інтэрнат. Гэта быў жах! Вакол цьвіль, шчыліны і гэтак далей. На ўнітазы нават немагчыма прысесьці, яны разламаныя і ўсё чорныя. Кухня пастаянна цякла.

Некалькі спробаў было выйсьці на працу, але ўсё няўдала, бо мяне адпраўлялі назад у інтэрнат на падставе таго, што і так шмат рабочых. Гэта працягвалася два тыдні.

Нарэшце мы выйшлі на працу. Прайшла вахта, нам скінулі на карткі па 5 тысяч расійскіх (амаль $80. – Еўрарадыё) і сказалі, што астатняе аддадуць па прыезьдзе на іншую вахту. Павінны былі 15 тысяч даслаць праз тыдзень пасьля ад'езду, але я іх так і не дачакаўся”.

Аляксандар дадае, што ні ён, ні яго знаёмыя другі раз працаваць не паехалі. Надзеі атрымаць заробленыя грошы ў хлопца няма. А пра ўмовы працы ён распавядае так:

“З работнiкамi добра ўсё было, а вось прарабы пастаянна шукалі, за што б накласьці штраф. Напрыклад, не надзеў пальчаткі ці камізэльку – штраф 500 расейскіх (амаль $8. – Еўрарадыё)”.