Сутнасьць зваротаў спадара Пяткевіча: «Дапамажыце нам ліквідаваць першасную арганізацыю Свабоднага прафсаюзу на ААТ «Полацак-Шкловалакно». Мы выкарысталі ўсе законныя мэтады, але ліквідаваць ня здолелі».
Да кіраўніцы адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай запыт не дайшоў, бо ня быў ухвалены нават юрыстам райвыканкаму. А вось адказ ад дэпутаткі Гуйвік прыйшоў. Для яе просьба, выказаная ў звароце, выявілася незразумелай. «Прашу канкрэтызаваць, якое менавіта садзейнічаньне ў вырашэньні гэтага пытаньня Вам павінен аказаць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах сваёй кампэтэнцыі», – сказана ў адказе Натальлі Гуйвік. Падчас асабістай сустрэчы з актывістам прафсаюзу Віктарам Стукавым дэпутатка патлумачыла, што дадатковай інфармацыі ад Пяткевіча яна пакуль не атрымлівала.
Віктар Стукаў мяркуе, што гэткая актыўнасьць райвыканкаму зьвязаная з поўнай залежнасьцю мясцовага органа ўлады ад прадпрыемства, якое засталося апошнім салідным прыбытковым у раёне. «Ня будуць выслужвацца – не атрымаюць грошай ад прадпрыемства» – сказаў Віктар.
Доступ да згаданага ліставаньня Віктар Стукаў атрымаў у выніку азнаямленьня з матэрыяламі справы, якую ўжо амаль паўгода вядзе полацкая міліцыя ў дачыненьні да яго на заяву Андрэя Кузьміна, намесьніка па ідэалёгіі полацкага «Шкловалакна». Кузьмін пакуль беспасьпяхова спрабуе распачаць у дачыненьні да Стукава крымінальную справу за нібыта нанесеныя яму абразы на сайце spbpolack.ru.
Аляксандар Марозаў