Пакуль жанчына праходзіла лекаваньне і рэабілітацыю, служба мэдыка-эканамічнага кантролю з ініцыятывы прадпрыемства перагледзела статус яе захворваньня. Прафэсійнае захворваньне стала «агульным». Адбылося гэта ў лістападзе 2014 году і зроблена было незаконна, што пацьвердзіў суд Заводзкага раёну Менску, у які зьвярнулася Алена. У выніку статус прафзахворваньня быў вернуты.
Кампэнсацыя пры прафзахворваньні работніку прадугледжаная ад прадпрыемства паводле тарыфнага пагадненьня і складае адзін сярэдні заробак за кожны працэнт страты працаздольнасьці. На момант выяўленьня прафзахворваньня сярэдняя зарплата Алены складала 1,5 мільёна рублёў (каля 500 даляраў у эквіваленце).
Добраахвотна выплаціць кампэнсацыю дырэктар ААТ «Полацак-Шкловалакно» Андрэй Бунакоў адмовіўся. Таму былая работніца зноў вымушаная зьвярнуцца ў суд.
«Кампэнсацыю пры прафзахворваньні мне павінны былі выплаціць ад прадпрыемства, «Дзяржстраху» і паводле мясцовага пагадненьня. Я нічога гэтага ня ведала і не зьвярталася па яе раней. Пра мае правы мне нічога не патлумачылі ні кіраўнікі «Белхімпрафсаюзу» на прадпрыемстве, якім я шмат гадоў плаціла ўнёскі, ні наймальнік. Я зьвярнулася ў Свабодны прафсаюз, і мне ўжо дапамаглі напісаць заяву ў суд і іншыя інстанцыі, спадзяюся ўсё-ткі атрымаць нейкую кампэнсацыю. Я страціла здароўе праз умовы працы на прадпрыемстве і цяпер вымушаная лячыцца мо да канца жыцьця», – распавяла Алена пра сваю сытуацыю.
Выпадак камэнтуе намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу па Віцебскай вобласьці Мікола Шарах: «Наша юрыдычная служба праводзіць для ўсіх бясплатныя юрыдычныя кансультацыі. Каб атрымліваць поўную юрыдычную і інфармацыйную падтрымку, трэба ўступіць у прафсаюз. Алена ўступіла да нас у прафсаюз, і мы акажам ёй усю неабходную дапамогу. На полацкім «Шкловалакне» такое стаўленьне да працаўнікоў зьяўляецца тыповым. Ты патрэбен, пакуль працуеш. Стаў інвалідам – гэта твае праблемы».
Суд па пазове работніцы да ААТ «Полацак-Шкловалакно» адбудзецца 11 красавіка.
Аляксандар Марозаў