Прымяненьне міжнародных стандартаў
Згодна зь беларускім заканадаўствам дзяржаўныя чыноўнікі абавязаныя ўстрымлівацца ад якіх-небудзь дзеяньняў па абмежаваньні права працоўных дзейнічаць у межах прафсаюзнай арганізацыі. Гэта вынікае з артыкулу 20 Закону аб нарматыўных прававых актах і артыкулу 3 Міжнароднай дамовы аб абароне права на прафсаюз (Канвэнцыя №87 Міжнароднай арганізацыі працы).
Няпраўнае абмежаваньне абароны правоў рабочых
Рашэньне аб прыпыненьні апэрацыяў па банкаўскім рахунку прафсаюзу прыняла загадчыца сэктару аддзелу прымусовага выкананьня (АПВ) Полацкага раён4 і горада Полацка Міхно Ірына Валянцінаўна. Судовыя выканаўцы Полацка, як высьветлілася, нават ня ведаюць пра існаваньне нормы заканадаўства, якая абараняе правы прафсаюзу, а дзейнічаюць толькі на падставе Закону аб выканаўчай вытворчасьці.
Забарона на збор прафсаюзных унёскаў
Свае дзеяньні выканаўцы тлумачаць запазычанасьцю прафсаюзу ў пагашэньні прызначанай Віцебскім абласным судом выплаты судовай пошліны па справе аб забароне страйку на заводзе «Шкловалакно». Аднак поўная забарона на рух грошай па рахунку прафсаюзу робіць немагчымым паступленьне прафсаюзных унёскаў і, адпаведна, выплату запазычанасьці.
Неправамерная перашкода прафсаюзу
Скарбнік Свабоднага прафсаюзу рабочых заводу «Шкловалакно» Аляксандар: «Мы тры месяцы запар аплачвалі пошліну, зыходзячы з тых сродкаў, якія былі на рахунку прафсаюзу. Як сказалі ў БПС-Ашчадбанку, цяпер яны ня могуць нават прымаць грашовыя ўнёскі на прафсаюзны рахунак. Па-мойму, дзяржчыноўнікі канкрэтна і неправамерна перашкаджаюць законнай дзейнасьці прафсаюзу».
Прыкметы перавышэньня службовых паўнамоцтваў
Свабодны прафсаюз просіць пракуратуру адмяніць пастанову Полацкага АПВ аб прыпыненьні дзеяньняў па банкаўскім рахунку прафсаюзу. А таксама просіць зьвярнуць увагу на перавышэньне службовых паўнамоцтваў судовым выканаўцам Ірынай Міхно – як гаворыцца ў скарзе прафсаюзу, у яе ўчынку ёсьць прыкмета крымінальнага злачынства, якое «прывяло да прычыненьня істотнай шкоды правам і законным інтарэсам працоўных заводу "Шкловалакно" і шкоды грамадзкім інтарэсам».
Аляксандар Марозаў