Пасьля пераезду ў Віцебск зь Лёзьненскага раёну малады спэцыяліст Алена Абрамава прапісалася ў інтэрнаце ААТ «Чырвоны Кастрычнік» на пр. Люднікава, 11 ( вядомым як «шайба»), дзе і па гэты дзень займае ложка-месца. Але калі нарадзілася дзіця, паўстала пытаньне пра высяленьне, бо з малым у гэтым інтэрнаце нельга, а ва ўласнасьці ў маці-адзіночкі ніякага жытла няма. З такой праблемай сутыкаюцца многія іншагароднія маладыя людзі і асабліва сям’і, якія ня маюць магчымасьці здымаць кватэру.

Стан дзіцячых гульнявых пляцовак у Віцебску патрабуе больш пільнай увагі з боку мясцовых органаў улады. Такое меркаваньне выказала старшы памочнік пракурора Віцебску Вольга Каралёва. Паводле яе слоў, праведзены пракуратурай аналіз паказаў, што існуюць сур’ёзныя парушэньні патрабаваньняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў, што прад’яўляюцца да абсталяваньня дзіцячых гульнявых пляцовак.

Падчас месячніку Чырвонага Крыжа, які ладзіцца ў траўні, сябры ініцыятыўных групаў пажылых па працы ў супольнасьці Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) правядуць дабрачынную акцыю “Бабуліна казка”. Пра гэта паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі старшыня Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК Галіна Жаланава. Гэта новы праект абласной арганізацыі. Ініцыятыўныя групы пажылых людзей будуць наведваць спэцыялізаваныя дзіцячыя дамы, прытулкі, аддзяленьні дзённага знаходжаньня для маладых інвалідаў і расказваць выхаванцам гэтых устаноў казкі.

Больш за 90 бацькоў аштрафаваныя ў Віцебскай вобласьці з пачатку году за начныя прагулкі сваіх дзяцей без суправаджэньня дарослых, паведаміла памочніца пракурора Віцебскай вобласьці па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб непаўнагадовых і моладзі Ірына Крукоўская. Паводле яе слоў, найбольш часта гэтыя парушэньні былі адзначаныя ў абласным цэнтры (17 фактаў), Наваполацку (7), Глыбоцкім раёне (7), Воршы і Аршанскім раёне (10), Полацку і Полацкім раёне (10), Лепельскім раёне (5).

Пракуратура выявіла шэраг парушэньняў у працы дзіцячых садкоў Віцебскай вобласьці, паведаміла памочнік пракурора Віцебскай вобласьці па наглядзе за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Ірына Крукоўская. Па выніках праведзенай праверкі пракурорамі гарадоў і раёнаў вобласьці было ўнесена 19 прадстаўленьняў, 5 прадпісаньняў, 1 пратэст. У дачыненьні да васьмі службовых асобаў накіраваны патрабаваньні аб узбуджэньні адміністрацыйных працэсаў.