Панядзелак, 06 Май 2013

Таварыства Чырвонага Крыжа ладзіць акцыю для дзяцей-інвалідаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Падчас месячніку Чырвонага Крыжа, які ладзіцца ў траўні, сябры ініцыятыўных групаў пажылых па працы ў супольнасьці Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) правядуць дабрачынную акцыю “Бабуліна казка”. Пра гэта паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі старшыня Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК Галіна Жаланава. Гэта новы праект абласной арганізацыі. Ініцыятыўныя групы пажылых людзей будуць наведваць спэцыялізаваныя дзіцячыя дамы, прытулкі, аддзяленьні дзённага знаходжаньня для маладых інвалідаў і расказваць выхаванцам гэтых устаноў казкі.

Галіна Жаланава падкрэсьліла, што дзецям-інвалідам не хапае зносін, яны абмежаваныя ў перасоўваньні. Часта іх асяродзьдзе складаюць некалькі чалавек зт ліку сваякоў і выхавальнікаў. “Нашы валянтэры ня проста раскажуць дзецям казку. Як і належыць бабулям, якія любяць, яны прынясуць дзецям падарункі: вязаныя шкарпэткі, рукавіцы і кніжкі з маляўнічымі ілюстрацыямі”, - распавяла яна.

Ініцыятыва правядзеньня сустрэч зь дзецьмі-інвалідамі належыць удзельнікам ініцыятыўных групаў. У рэгіёне пасьпяхова рэалізуюцца міні-праекты з актыўным удзелам БТЧК. Гэта форма працы з уразьлівымі людзьмі знайшла шырокую падтрымку на месцах і пастаянна разьвіваецца. Напрыклад, у Сянно былыя мэдыкі-пэнсіянэры, якія аб’ядналіся ў міні-праект “Крыніца”, сталі незаменнымі памочнікамі сёстраў міласэрнасьці БТЧК. У Дуброўне ўжо некалькі гадоў дзейнічае праект “Дом без адзіноты”. Усяго ў вобласьці арганізавана каля 20 ініцыятыўных групаў пажылых людзей.

Крыніца: БелТА