Панядзелак, 02 Снежань 2013

Маці зь дзіцем хочуць выселіць з інтэрнату

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алена Абрамава Алена Абрамава

Пасьля пераезду ў Віцебск зь Лёзьненскага раёну малады спэцыяліст Алена Абрамава прапісалася ў інтэрнаце ААТ «Чырвоны Кастрычнік» на пр. Люднікава, 11 ( вядомым як «шайба»), дзе і па гэты дзень займае ложка-месца. Але калі нарадзілася дзіця, паўстала пытаньне пра высяленьне, бо з малым у гэтым інтэрнаце нельга, а ва ўласнасьці ў маці-адзіночкі ніякага жытла няма. З такой праблемай сутыкаюцца многія іншагароднія маладыя людзі і асабліва сям’і, якія ня маюць магчымасьці здымаць кватэру.

Калі працаўніца, якая пайшла ў дэкрэтны адпачынак, зьвярнулася на прадпрыемства «Марка» з просьбай дапамагчы ў пошуках жытла, калегі нават не адразу пазналі дзяўчыну. Яна зьмянілася, схуднела. Шчасьце ад нараджэньня сына ўраўнаважылі клопаты і праблемы, што наваліліся на яе. Спадзявацца самотнай маме няма на каго. Так склалася, што бацька дзіцяці аказаўся абыякавы да яго лёсу, бацькоўскай падтрымкі Алена таксама ня мае.

На родным прадпрыемстве сказалі, што гатовыя напісаць хадайніцтва ў любую арганізацыю, якая мае на сваім балянсе інтэрнат (свайго ў СТАА «Марка» няма). Але для гэтага дзяўчыне самой трэба даведацца, дзе ёсьць месцы і куды дасылаць такі запыт. Дамоваў, якія б давалі магчымасьць папросту ўстаць на чаргу на інтэрнат, «Марка» таксама ні зь якім прадпрыемствам не заключала. Так распачаліся пакуты, якія працягваюцца дагэтуль. І гэта з аднагадовым хлопчыкам на рукох, якога пакінуць няма на каго.

«Была летам на прыёме ў намесьніка старшыні гарвыканкаму Дзьмітрыя Шэрыкава, абяцаў дапамагчы. Але ва ўпраўленьні жыльлёвай палітыкі на той момант не абнадзеілі: сказалі, што ў інтэрнатах, якія знаходзяцца ў гарадзкой камунальнай уласнасьці, месцаў няма. І таксама адправілі на самастойныя пошукі, - распавяла Алена Абрамава. - Дык што калі маю час, хаджу па ўсіх магчымых адрасох і запытваюся. Але здаецца, што ў нас у горадзе больш інтэрнатаў для студэнтаў і навучэнцаў, а не для працуючых. А ўжо для маці або сем’і зь дзіцем наогул знайсьці жытло нерэальна. Усе месцы занятыя, і нават ёсьць чэргі са сваіх працаўнікоў…»

Насамрэч навучальным установам належаць толькі 34 інтэрнаты з 120, якія ёсьць у Віцебску. Прадпрыемствам і арганізацыям - 78. Паступова ў гарадзкую камунальную ўласнасьць былі перададзеныя яшчэ 8 інтэрнатаў (вул. 4-я Ціраспальская, д. 9 і д. 13, пр. Люднікава, д. 4, вул. Лазо, д. 25, пр. Перамогі, д. 7, Маскоўскі пр., д. 29, вул. Зарэчная, д. 3, вул. Церашковай, д. 16, к. 2), якія прадпрыемствы больш не маглі ўтрымліваць з-за адсутнасьці сродкаў.

Дзеля справядлівасьці, шмат у якіх інтэрнатах сваіх работнікаў у параўнаньні з жыхарамі з усяго гораду менш за палову. Нядзіўна, што кіраўнікі лічаць гэтую ўласнасьць балястам, які прыносяць адны страты, і мараць перадаць гораду. Але пазбавіцца ад гэткага артыкулу выдаткаў няпроста. Трэба правесьці ў будынку капітальны рамонт, а адлічэньні на яго жыхарамі не ажыцьцяўляюцца. Прадпрыемству трэба ўсё зрабіць за свой кошт.

У інтэрнатах Віцебску пражываюць прыкладна 28,5 тыс. чалавек. Але статыстыкі, колькі зь іх адзіночкі, а колькі сем’яў, ніхто даць ня можа. «Гэта трэба даведвацца асобна на кожным прадпрыемстве і ў арганізацыі, - патлумачыла начальніца упраўленьня жыльлёвай палітыкі гарвыканкаму Марына Арэшчанка. - Мы такіх дадзеных ня маем, як ня маем і інфармацыі пра інтэрнаты, куды засяляюць зь дзецьмі, тым больш што паняцьце «маласямейнае» ў жыльлёвым заканадаўстве адсутнічае. Дадам толькі, што пры неабходнасьці і са згоды мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у інтэрнатах, прызначаных для пражываньня адзінокіх грамадзян, могуць быць выдзеленыя памяшканьні для сем’яў. Пры гэтым яны павінны разьмяшчацца на асобных паверхах або ў асобных сэкцыях».

Зрэшты, Алене Абрамавай гэтыя сухія спасылкі на заканадаўства мала чым могуць дапамагчы ў пошуках. На шчасьце, кіраўніцтва ААТ «Чырвоны Кастрычнік» паставілася да становішча маладой мамы з разуменьнем і на час пошукаў ёй дазволілі застацца ў інтэрнаце. Але, па-першае, гэта толькі часова, а па-другое, маленькі Сярожа ў свае год і адзін месяц усё яшчэ нідзе не прапісаны.

Вядома, дзеля дзіцяці дзяўчына не здаецца і працягвае пошукі. Зразумела, што людзей, што жывуць у нястачы, у Віцебску нямала. Але хочацца верыць, што тыя, хто насамрэч здольны неяк дапамагчы Алене у гэтай сытуацыі, дапамогуць, а ня будуць прыкрывацца аргумэнтам «яна не адна такая».

Витебские вести