Удзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі наконт стану грамадзянскай супольнасьці і праваабарончага руху, выказалі бачаньне далейшага разьвіцьця ў прававой, сацыяльнай, культурнай і эканамічнай сфэрах Віцебскага рэгіёну.
Праваабаронцы расказалі Жаклін Пэркінс пра сытуацыю з правамі чалавека ў Віцебскай вобласьці, пра мінулую кампанію па выбарах новага складу дэпутатаў беларускага парлямэнту, распавялі аб практыцы прымяненьня судамі вышэйшай меры пакараньня – сьмяротнай кары.
Былі таксама ўзьнятыя пытаньні абмежаваньняў на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, перасьледу незалежных журналістаў і блогераў.
Сустрэча доўжылася дзьве гадзіны.
«За апошні час гэта ўжо трэцяя сустрэча з прадстаўнікамі ўрадаў эўрапейскіх дзяржаваў. Відавочна, што дыпляматы зацікаўленыя ў атрыманьні поўнай інфармацыі аб стане грамадзянскай супольнасьці, разьвітасьці дэмакратыі і аб парушэньнях правоў і свабод чалавека. Ёсьць надзея, што гэтыя кантакты дапамогуць сфармаваць аб'ектыўны вобраз сучаснай Беларусі, зразумець патрэбы людзей і знайсьці шляхі для вырашэньня праблем пры ўдзеле заходняга дыпкорпусу», – зазначыў пасьля сустрэчы з Жаклін Пэркінс праваабаронца Павал Левінаў.
Лявон Яфрэменка