Чацвер, 27 Люты 2020

Амбасадарка Швэцыі і праваабаронцы сустрэліся ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Удзельнікі сустрэчы Удзельнікі сустрэчы

У сераду 26 лютага Віцебск з афіцыйным візытам наведала амбасадарка Швэцыі ў Беларусі Крысьціна Юханэсан. Разам зь першым сакратаром дыппрадстаўніцтва Конрадам Рыкардсанам яны наведалі шэраг прадпрыемстваў і ўстановаў гораду, зрабілі візыты да гарадзкіх і абласных органаў ўлады і асобна сустрэліся зь віцебскімі праваабаронцамі Паўлам Левінавым і Леанідам Сьвецікам.

Удзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі аб стане правоў чалавека ў Віцебскай вобласьці. Швэдзкія дыпляматы цікавіліся, ці існуе дыялёг паміж праваабаронцамі і мясцовымі органамі ўлады ў справе абароны правоў і свабод грамадзян, наколькі разьвітая і сталая грамадзянская супольнасьць і што яна чакае ад будучай кампаніі па выбарах кіраўніка дзяржавы, а таксама – пра вяршэнства права і незалежнасьць судзьдзяў пры вынясеньні судовых рашэньняў.

Падчас размовы закраналіся тэмы, зьвязаныя з адміністрацыйнымі перасьледамі, пакараньнямі штрафамі і арыштамі блогераў ды грамадзянскіх актывістаў за асьвятленьне ў сацыяльных сетках і ўдзелу ў пікетах за незалежнасьць у Менску, Віцебску і Полацку, а таксама – журналістаў тэлеканалу «Белсат».

Асаблівую занепакоенасьць прысутныя выказалі ў сувязі з практыкай прымяненьня ў Беларусі артыкулу 328 КК (Незаконны абарот наркатычных сродкаў), умовамі, у якіх адбывае крымінальнае пакараньне палітвязень Міхаіл Жамчужны, магчымасьцю пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Са свайго боку праваабаронцы паведамілі пра парушэньні палітычных і грамадзянскіх правоў і свабод грамадзян у рэгіёне, пра мінулыя выбары ў нацыянальны парлямэнт і пра распачаты дыялёг з мясцовымі ўладамі.

Праваабаронца Павал Левінаў адзначыў пасьля сустрэчы шырокую інфармаванасьць прадстаўнікоў швэдзкага дыпкорпусу аб стане правоў чалавека ў Беларусі, глыбокае веданьне праблем і патрэбаў праваабаронцаў, шчырае жаданьне дапамагчы беларусам у развіцьці грамадзянскай супольнасьці і эканамічнага патэнцыялу краіны.

Завяршаючы сустрэчу, спадарыня амбасадарка Крысьціна Юханэсан адзначыла складанасць праваабарончай сытуацыі ў Беларусі і пажадала суразмоўцам посьпеху ў іх самаадданай працы ў справе абароны правоў і свабод беларускіх грамадзян.

Леанід Сьвецік, праваабаронца

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.