Пятніца, 13 Сакавік 2020

Каронавірус: праваабаронца патрабуе неадкладна ўвесьці карантын у школах Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(12 галасоў)
Фота: http://minzdrav.gov.by/ Фота: http://minzdrav.gov.by/

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуўся да гарадзкіх уладаў з прапановай зрабіць тэрміновыя і неадкладныя захады карантыннага характару ў сувязі з пандэміяй каронавірусу. У прыватнасьці – аб’явіць карантын ва ўсіх навучальных установах Віцебску, забараніць правядзеньне масавых мерапрыемствах з удзелам больш за 20 чалавек, адкрыта і праўдзіва інфармаваць грамадзян аб санітарнай абстаноўцы.

«Артыкулы 9, 28,63-1 Закону «Аб ахове здароўя» надзяляюць мясцовыя органы ўлады паўнамоцтвамі і абавязкамі прымаць неадкладныя меры для аховы здароўя насельніцтва… Прапаную Віцебскаму гарвыканкаму ўзяць на сябе адказнасьць і праявіць палітычную волю, каб зрабіць неабходныя захады для аховы здароўя жыхароў Віцебску», – гаворыцца ў электронным звароце, які 12 сакавіка праваабаронца Леанід Сьвецік накіраваў у Віцебскі гарвыканкам.

Што прапануе праваабаронца

  • Ня менш чым на тры тыдні ўвесьці карантын ва ўсіх навучальных установах гораду Віцебску.
  • Абмежаваць уезд у горад асобаў зь іншых рэгіёнаў краіны, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства.
  • Забараніць правядзеньне масавых мерапрыемстваў з удзелам у іх больш за 20 чалавек.
  • Забараніць правядзеньне палітычных, спартовых, забаўляльных і культурных імпрэзаў.
  • Шырока, адкрыта і праўдзіва інфармаваць грамадзян аб санітарнай абстаноўцы ў Віцебску.
  • Наладзіць кантроль тэмпэратуры цела грамадзян у месцах масавай канцэнтрацыі.

А таксама – абмежаваць жыхарам Віцебску выхад са свайго жыльля, апроч як для выкананьня неадкладных службовых абавязкаў, наведваньня лякарняў ці аптэк, куплі харчовых тавараў ці сродкаў гігіены.

«У выпадку слабай эфэктыўнасьці пералічаных захадаў увесьці на тэрыторыі гораду Віцебску рэжым надзвычайнага становішча ў сувязі з пандэміяй каронавірусу», – прапануе Леанід Сьвецік.

Нагадаем, Сусьветная арганізацыя аховы здароўя 11 сакавіка абвясьціла, што распаўсюд каронавірусу дасягнуў стадыі пандэміі. Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі на 13 сакавіка ў краіне лябараторна пацьверджаны РНК каронавірусу ў 21 чалавека.

Яшчэ 10 сакавіка на пляцоўцы «Зручны горад» была апублікаваная пэтыцыя з патрабаваньнем узмацніць захады супраць распаўсюду каронавірусу ў Беларусі. Пад ёй падпісаліся ўжо больш за 1800 чалавек.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.