Жыхар Лёндану Алан Сьміт быў затрыманы беларускімі праваахоўнікамі пры канцы верасьня 2016 году. 11 ліпеня 2017 году судом Глыбоцкага раёну ён быў абвешчаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства паводле артыкулу 371¹ КК нібыта за арганізацыю спробы незаконнай міграцыі шасьцярых грамадзянаў Іраку ў краіны Эўразьвязу і прысуджаны да двух гадоў зьняволеньня. У судзе ён сваёй віны не прызнаў.
Праз 4 месяцы Віцебскі абласны суд разгледзеў апэляцыйныя скаргі Сьміта і яго адвакатаў і пакінуў вырак у моцы, пасьля чаго брытанец быў пераведзены ў папраўчую калёнію № 3 (пас. Віцьба, Віцебскі раён).
Жонка Алана Сьміта паведаміла, што амбасада Вялікай Брытаніі не была праінфармаваная пра апошняе здарэньне ў калёніі.
«У 21-м стагодзьдзі ў Эўропе няма чыстай пітной вады для вязьняў, – шакаваная спадарыня Магдалена. – Я ледзь не атрымала сардэчны прыступ... Хіба не існуе правілаў, згодна зь якімі адміністрацыя турмы павінна інфармаваць амбасаду пра іх грамадзянаў?»
Здарэньне пракамэнтаваў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік: «Сыстэма выкананьня пакараньняў у Беларусі ёсьць закрытай як для праваабаронцаў, гэтак і для журналістаў. Зьняволеныя грамадзяне краіны праз боязь быць пакаранымі стараюцца не казаць пра ўмовы ўтрыманьня ў калёніі. Але цяпер у беларускіх турмах апынуліся грамадзяне краінаў ЭЗ, і здабыткам грамадзкасьці сталі парушэньні з боку адміністрацыяў правоў вязьняў, жудасныя бытавыя ўмовы жыцьця. Цяпер праз амбасаду пра стан пэнітэнцыярнай сыстэмы і абуральныя парадкі, што існуюць у ёй, стала вядома эўрапейскім урадам».
«Утрыманьне вязьняў з унутранага пытаньня Беларусі выйшла на міжнародны ўзровень. На карце – рэпутацыя краіны, ступень яе цывілізаванасьці, захаваньне базавых правоў чалавека, яе інвэстыцыйная прывабнасьць. Гэта сур'ёзны выклік для ўладаў, і ад таго, які на яго яны дадуць адказ, залежыць хуткасьць нармалізацыі стасункаў з краінамі Эўразьвязу», – перакананы Леанід Сьвецік.
Кастусь Дзьвінскі