Чацвер, 09 Лістапад 2017

Месца гатаваньня ежы для адміністрацыйна арыштаваных – сакрэтная інфармацыя

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

Часовы выканаўца абавязкаў начальніка ІЧУ пры УУС Віцебскага аблвыканкаму маёр міліцыі С. В. Каўрыга ўтойвае інфармацыю пра месца знаходжаньня пункту па прыгатаваньні ежы адміністрацыйна арыштаваным.

Вось ужо паўгода з моманту вызваленьня з ІЧУ Віцебскага аблвыканкаму праваабаронца Павал Левінаў штурмуе скаргамі дзяржорганы, дамагаючыся зьмены ўмоваў утрыманьня і паляпшэньня якасьці харчаваньня. Чарговую скаргу праваабаронца накіраваў 25 кастрычніка. У скарзе ён прасіў даць яму інфармацыю пра дамовы з вытворцам ежы, яго найменьне і месцазнаходжаньне, інфармацыю пра дастаўшчыкаў ежы, суправаджальных асобаў, парадак і тэрміны дастаўкі і раздачы ежы, мэню, кошты, лёс харчовых адкідаў і іншыя важныя характарыстыкі.

«Я адбываў адміністрацыйны арышт з 31 траўня па 14 чэрвеня 2017 году. І мяркую, што маю права ведаць гэтую інфармацыю, паколькі за кожны дзень харчаваньня аплачваў па 11,5 рублёў. За гэтыя грошы я б спакойна мог харчавацца якаснай ежай, напрыклад, з рэстарацыі», – тлумачыць праваабаронца.

Аднак адказ на зварот, атрыманы ад імя часовага выканаўцы абавязкаў начальніка ІЧУ Каўрыгі, больш нагадвае «копіпаст» Правілаў унутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрыманьня, фармальны, нелягічны і не зьмяшчае адказаў па сутнасьці.

«Мяне зьдзіўляе фармалізм у разглядзе маіх скаргаў. Напрыклад, тое, што транспартныя сродкі, задзейнічаныя пры транспарціроўцы ежы, пэрыядычна праходзяць санітарную апрацоўку. Хацелася б разумець, што гэта за транспарт, і зь якой пэрыядычнасьцю ён праходзіць гэтую самую санітарную апрацоўку – раз на месяц, год ці пяцігодку? Дастаўка ежы ажыцьцяўляецца супрацоўнікамі, якія маюць мэдычныя даведкі аб стане здароўя. Хацелася б ведаць, ці начальнік ІЧУ адмяніў санітарныя кніжкі сваім супрацоўнікам? Бо даведка аб стане здароўя не замяняе санітарную кніжку, для даведкі няма абавязку праходзіць поўны мэдычны агляд. Таксама сам факт сакрэтнасьці пункту прыгатаваньня ежы адміністрацыйна арыштаваным выклікае шмат пытаньняў, а ці ўсё там у парадку з санітарыяй?», – задаецца пытаньнямі Павал Левінаў.

Праваабаронца і надалей будзе дамагацца паляпшэньня ўмоваў утрыманьня і якасьці ежы ў ІЧУ Віцебскага аблвыканкаму.

protivpytok.org