Пакараны годам і 6 месяцамі зьняволеньня 23-гадовы грамадзкі актывіст, былы рабочы наваполацкага “Нафтану” Андрэй Гайдукоў пераведзены зь Віцебскага сьледчага ізалятару ў Магілёўскую калёнію №19. Паводле слоў яго сястры Марыі, пра гэта даведаліся родныя зьняволенага, калі прынесьлі ў сьледчы ізалятар перадачу.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International заступілася за віцебскага лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага згодна з рашэньнем суду ў вар’ятню дзеля прымусовага лячэньня. Арганізацыя заклікала ўсіх неабыякавых да тэрміновай акцыі: напісаць на беларускай, расейскай, ангельскай або сваёй роднай мове лісты на адрас міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіля Жарко і генпракурора Аляксандра Канюка.

Прысуд па справе Андрэя Гайдукова Вярхоўным судом Беларусі пакінуты безь зьменаў, ён уступіў у законную сілу. Пра гэта паведамілі ў ВС. 27 жніўня судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела ў касацыйным парадку скаргу абвінавачанага Андрэя Гайдукова 1989 года нараджэньня і яго абаронцаў на прысуд Віцебскага абласнога суду ад 1 лiпеня 2013 году. Гэтым прысудам Гайдукоў прызнаны вінаватым у замаху на ўстанаўленьне супрацоўніцтва на канфідэнцыйнай аснове з разьведвальным органам замежнай дзяржавы.

Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску выступіла з заклікам да беларускіх уладаў правесьці адкрыты і адпаведны міжнародным стандартам разгляд апэляцыі Андрэя Гайдукова, асуджанага за спробу кантактаў з прадстаўнікамі замежнай спэцслужбы. “У сувязі з надыходзячым разглядам апэляцыі А. Гайдукова прадстаўніцтва ЭЗ заклікае Беларусь правесьці сумленныя, справядлівыя і адкрытыя судовыя паседжаньні з выкананьнем усіх міжнародных стандартаў і забавязаньняў”, - гаворыцца ў звароце прадстаўніцтва ЭЗ. Гэты зварот ухвалены кіраўнікамі дыпляматычных місіяў краін ЭЗ у Менску.

Сустаршыня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Павал Севярынец распавёў, для чаго Лукашэнка ўзяў у закладнікі пробашча парафіі Спасланьня Сьвятога Духа ў Барысаве Ўладзіслава Лазара: “Пасьля справы Андрэя Гайдукова ніякай веры шпіёнскім справам КДБ няма. Гэта відавочна ўсім. Пасьля выбухаў і справы аб тэракце відавочна, што ўсе закрытыя справы - гэта альбо фальсыфікацыя, альбо спосаб ціску на грамадзтва. Думаю, у гэтым выпадку мы маем і тое і другое”.